Калегі опэрнага сьпевака, які пэўны час быў і рэжысэрам тэатру, адзначылі, што яго мяккі й глыбокі голас валодаў магічнай сілай, а акторскі талент заваёўваў гледача зь першых хвілін.
Ўладзімер Экнадзіёсаў нарадзіўся ў Растоўскай вобласьці, а ў беларускі тэатар яго запрасілі ў 1978 годзе.
Калегі Ўладзімера Экнадзіёсава згадалі, як ён прыйшоў у тэатар і зьдзівіўся, што шмат артыстаў не хацелі сьпяваць па-беларуску: «Я нашым беларусам казаў: хлопцы, але вы ж сьпяваеце па-італьянску, па-нямецку, па-ангельску... Ну чаму ж вы ня хочаце сьпяваць на сваёй роднай беларускай мове?».
Сам сьпявак выконваў партыі ў беларускамоўных опэрах — «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Солтана паводле Ўладзіміра Караткевіча, «Альпійская баляда» Віталя Губарэнкі паводле Васіля Быкава, «Сівая легенда» Зьмітра Смольскага і іншых.
«Рэдкае спалучэньне вакальнага майстэрства, акторскай харызмы і чалавечай прывабнасьці ператварала кожны спэктакль з удзелам Уладзімера Экнадзіёсава ў непаўторную падзею», — адзначылі ў тэатры.
У 2007–2012 гадах Уладзімер Экнадзіёсаў выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, быў прафэсарам Растоўскай дзяржаўнай кансэрваторыі.