У Беларусі пасьля перарэгістрацыі засталося 12 уніяцкіх парафіяў

На грэка-каталіцкай службе, архіўнае фота

Пасьля пазбаўленьня рэгістрацыі трох грэка-каталіцкіх парафіяў у Берасьцейскай вобласьці ў краіне засталося меней за паўтара дзясятка дзейных прыходаў.

Пасьля масавай ліквідацыі паўстала пытаньне: колькі супольнасьцяў уніятаў засталося ў Беларусі і дзе? Сайт katolik.life паспрабаваў сабраць іх.

Ува ўсёй тэрытарыяльна вялікай Пінскай дыяцэзіі засталася толькі адна грэка-каталіцкая парафія — у Гомлі.

Агулам, як вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэгістру, у які павінны быць унесены ўсе рэлігійныя арганізацыі, 4 супольнасьці дзейнічаюць у Менску, 2 — у Віцебску, па адной у Маладэчне, Полацку, Воршы, Магілёве й Гомлі.

Аднак, паводле інфармацыі Свабоды, парафія ў Воршы рэгістрацыю не прайшла.

Таксама вядома, што працягвае дзейнасьць парафія ў Горадні, таксама ёсьць і ў Лідзе, хоць зьвестак пра гэтыя арганізацыі Адзіны дзяржаўны рэгістар не выдае.

Цяпер у Беларусі засталося 12 грэка-каталіцкіх парафіяў.

Сярод іх гомельская парафія Трох Сьвяціцеляў, якая была зарэгістраваная ў Беларусі самай першай. Паводле рэестру, гэта адбылося ў сьнежні 1991 году. Супольнасьць нешматлікая і, як у бальшыні іншых гарадоў, ня мае свайго храму. Службы праходзяць у гомельскім касьцёле звычайна двойчы на месяц, прыяжджае служыць сьвятар з Магілёва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Берасьцейшчыне зьліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі