Усяго праз 48 гадзінаў пасьля таго, як ЗША з Ізраілем пачалі маштабнае бамбаваньне Ірану, лібанская ваенізаваная групоўка «Хэзбала» ўступіла ў вайну на баку Тэгерану. З 2 сакавіка «Хэзбала» выпусьціла сотні ракет, снарадаў і дронаў па суседнім Ізраілі, тым самым адкрыўшы новы фронт і адцягнуўшы на сябе частку ізраільскіх вайсковых рэсурсаў.
Пра ролю гэтай проксі-сілы піша Фруд Бэжан — старэйшы рэгіянальны рэдактар ангельскамоўнай цэнтральнай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
У адказ на атакі «Хэзбалы» Ізраіль пачаў наземнае ўварваньне ў паўднёвы Лібан і нанёс разбуральныя авіяўдары. У выніку больш за 2000 чалавек загінулі і больш як 1,2 мільёна былі вымушаныя пакінуць свае дамы, паведамілі мясцовыя ўлады.
«Хэзбала» — гэта баявая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.
Іран разглядае «Хэзбалу» як свой найкаштоўнейшы рэгіянальны актыў. Таму ў мірных перамовах спыненьне ізраільскіх атак на «Хэзбалу» — адна з асноўных умоваў Ірану.
«У адрозьненьне ад ірацкіх ці емэнскіх груповак, „Хэзбала“ месьціцца пры мяжы з Ізраілем і мае велізарны ракетны арсэнал, што робіць яе выключна важнай для ўплыву Ірану як у вайне, так і ў перамовах», — кажа Санам Вакіль, дырэктарка праграмы Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі лёнданскага аналітычнага цэнтру Chatham House.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп скрытыкаваў прем’ерку Італіі і пракамэнтаваў выбары ў Вугоршчыне«Хэзбала» зьяўляецца асновай так званай «восі супраціву» — сеткі ўзброеных пасярэднікаў Ірану і падтрыманых ім баевікоў. Сярод іх емэнскія паўстанцы-хусіты і праіранскія фармаваньні ў Іраку, якія таксама далучыліся да вайны.
Гэтая вось будавалася дзесяцігодзьдзямі і стала ключавым элемэнтам іранскай стратэгіі перадавой абароны. Яна дазваляе Тэгерану распаўсюджваць свой уплыў далёка за межы краіны, пазьбягаючы пры гэтым прамога сутыкненьня з галоўнымі ворагамі — Ізраілем і Злучанымі Штатамі.
Аднак апошнім часам гэты альянс атрымаў шэраг балючых удараў. «Хэзбала» аслабла пасьля году вайны з Ізраілем, падчас якой загінуў ейны даўні лідэр Хасан Насрала. Нават пасьля падпісаньня крохкага перамір’я пры канцы 2024 году Ізраіль працягваў атакаваць кіраўнікоў групоўкі і ейныя арсэналы.
Аднак апошнія падзеі паказалі, што яна ўсё яшчэ валодае значнай колькасьцю ракет і снарадаў.
Калі Іран і ЗША 7 красавіка аб’явілі пра двухтыднёвае спыненьне агню, яно амаль адразу разьбілася аб пытаньне Лібану. Вашынгтон заявіў, што ўгода на Лібан не распаўсюджваецца, Тэгеран настойваў на адваротным.
Менш чым праз содні пасьля пачатку перамір’я Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане, у выніку якіх загінулі больш як 300 чалавек і больш за тысячу былі параненыя.
«Іран ніколі не пакіне сваіх лібанскіх братоў і сясьцёр», — заявіў пасьля гэтага прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян. Тэгеран адмовіўся адкрываць Армускую пратоку. У выніку ЗША аб’явілі пра марскую блякаду іранскіх партоў.
Раней прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху заявіў, што вайна працягнецца да поўнага зьнішчэньня «Хэзбалы».
Тым часам у Вашынгтоне рыхтуецца сустрэча паслоў Ізраілю і Лібану, хоць новы кіраўнік «Хэзбалы» Наім Касэм ужо заклікаў Бэйрут адмовіцца ад гэтых перамоваў.