«Выйшла яна адтуль у сьлязах». Як улады рыхтавалі «экстрэмісцкі» статус ЭГУ і што зараз будзе са студэнтамі і выкладчыкамі

Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі Свабоды, ціск на студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ўзмацніўся мінулай восеньню, а зімой прайшлі масавыя допыты ў Сьледчым камітэце і КДБ.

14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі паводле прапановы Генэральнай пракуратуры прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкім фарміраваньнем».

Аб прынятым рашэньні расказаў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітрый Брылёў.

«Унівэрсытэт, пазыцыянуючы сябе ў якасьці беларускай ВНУ ў выгнаньні, праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае мэтадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і дэструктыўных замежных няўрадавых арганізацый у палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сфэрах. Мэты, якія дэкляруюцца, — падрыхтоўка беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сыстэмы, прасоўваньне так званых дэмакратычных каштоўнасьцяў, „альтэрнатыўных“ трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей», — гаворыцца ў заяве пракуратуры.

У жніўні 2025 году, у «экстрэмісцкі сьпіс» унесьлі сайт ЭГУ і яго акаунты ў сацсетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі прызналі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай» арганізацыяй

«За любое дачыненьне»

Свабода зьвярнулася да адміністрацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па камэнтар, але рэакцыі ўстановы пакуль няма.

Паводле інфармацыі Свабоды, ва ўнівэрсытэце цяпер актыўна працуюць над тым, каб выступіць з адпаведнымі рэкамэндацыямі да сваіх беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў. Заява кіраўніцтва навучальнай установы мае зьявіцца ў бліжэйшыя дні.

Уладзь Лабковіч

«Ускосна зараз любое дачыненьне да гэтай навучальнай установы можа цягнуць за сабой прыцягненьне да адказнасьці за ўдзел у дзейнасьці, альбо фінансаваньні экстрэмісцкай арганізацыі, — гаворыць у размове са Свабодай юрыст, праваабаронца „Вясны“ Ўладзь Лабковіч. — І гэта канешне, скажам так, чарговы абсалютна неправавы і таталітарны крок беларускага рэжыму. Ён закранае тысячы людзей, якія вучацца ў гэтай установе, працуюць там. Гэта грэбаваньне прынцыпамі свабоды адукацыі. Бо ЭГУ, безумоўна, не зьяўляецца ніякім экстрэмісцкім фармаваньнем. Гэта частка агульнаэўрапейскай адукацыйнай сыстэмы».

Па словах Уладзя Лабковіча, удзелам у фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі беларускія ўлады зараз могуць палічыць у тым ліку простую аплату навучаньня ў ЭГУ.

«Гэтаксама як і любы данат, — удакладняе праваабаронца. — Як любое ахвяраваньне экстрэмісцкай арганізацыі, альбо фармаваньню. Гэтаксама зараз можа разглядацца аплата за навучаньне. Спадзяюся, што ня дойдзе да пакараньняў за выкарыстаньне сымболікі ЭГУ на кнігах, нататніках ці асадках. Але думаю, што гэта таксама можа быць успрынята як датычнасьць да экстрэмісцкай арганізацыі. Пры вялікім жаданьні ўлады могуць трактаваць гэта максымальна шырока. Гэтаксама шырока, як яны гэта зараз трактуюць у выпадку іншых арганізацый, якія прызналі экстрэмісцкімі».

У Крымінальным кодэксе Беларусі адразу некалькі артыкулаў прапісваюць адказнасьць за датычнасьць да экстрэмісцкай дзейнасьці ў той ці іншай форме. Гэта 361-1 (стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі, альбо ўдзел у ёй), 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і 361-5 (праходжаньне падрыхтоўкі, альбо навучаньня ў экстрэмісцкай дзейнасьці). Усе яны прадугледжваюць адказнасьць у выглядзе розных тэрмінаў пазбаўленьня волі, у найбольш жорсткім варыянце — да 7 гадоў.

«Доўга вагаліся, што рабіць»

Бацькі дзейных студэнтаў і тыя навучэнцы ЭГУ, да каго Свабода зьвярнулася па камэнтар пакуль не змаглі ацаніць рызыкі, зь якімі яны могуць сутыкнуцца. Навіна стала для іх нечаканасьцю, нягледзячы на ранейшыя заявы Генэральнай пракуратуры.

Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі Свабоды, бацькі некаторых студэнтаў ЭГУ пачалі асьцерагацца магчымага ціску і наступстваў яшчэ увосень, калі зьявіліся першыя заявы Генпракуратуры. А зімой студэнтаў пачалі выклікаць у Сьледчы камітэт і КДБ.

«Трэба было плаціць за вучобу, — распавяла ў размове са Свабодай маці адной са студэнтак. — Мы заўсёды гэта рабілі празь беларускі банк. А тут падумалі, што плацёж за вучобу ў ЭГУ могуць расцаніць як „фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці“. Доўга вагаліся, што рабіць. З аднаго боку, вучыцца падабаецца, там цікава, дый і тры гады ўжо правучылася. Урэшце вырашылі, што напіша заяву на акадэмічны адпачынак. Перачакаем, паглядзім, што будзе далей».

Паводле словаў суразмоўцы, дачка напісала заяву, хоць і не хацела гэтага рабіць. А зімой яе выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. Як кажа крыніца Свабоды, там распытвалі, чаму вучаць у ЭГУ, хто там выкладае, хто вучыцца.

«Запалохвалі, маўляў, „мы ведаем, што вас там вучаць і падбухторваюць арганізоўваць пратэсты ў 2030 годзе“, — кажа суразмоўца. — Выйшла яна адтуль разгубленая, запалоханая, у сьлязах. Мы з мужам настаялі, каб яна тэрмінова напісала заяву на адлічэньне. Канечне, шкада, што столькі часу і сіл дзіця патраціла».

Жанчына дадае, што некалькіх сябровак дачкі, якія таксама вучацца ў ЭГУ, выклікалі ў СК і КДБ. Яна апасаецца, што могуць быць непрыемныя наступствы і для дачкі, хоць тая вучылася ва ўнівэрсытэце да адпаведнага статусу, і для бацькоў, бо яны плацілі за вучобу.

ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».