Орбан сышоў — Зяленскі абяцае, што «Дружбу» адрамантуюць да канца красавіка

Станцыя прыёму нафты з нафтаправоду «Дружба» ў Вугоршчыне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў сёньня, што нафтаправод «Дружба», па якім расейская нафта паступала ў Славаччыну і Вугоршчыну праз украінскую тэрыторыю і які не працаваў з канца студзеня, будзе адрамантаваны і адкрыты для эксплюатацыі да канца красавіка.

Улады Ўкраіны заяўляюць, што нафтаправод быў пашкоджаны ў выніку расейскіх бамбардзіровак. Улады Вугоршчыны абвінавачвалі Кіеў у тым, што той наўмысна зацягвае рамонт, каб паўплываць на перадвыбарчую кампанію, якая праходзіла ў Вугоршчыне. Вугорскі прэм’ер Віктар Орбан і Зяленскі абмяняліся шэрагам рэзкіх заяваў. Вугоршчына ў ЭЗ заблякавала ўхваленьне 20-га пакета санкцыяў у дачыненьні да Расеі і выдзяленьне Ўкраіне ўзгодненага раней крэдыту ў 90 мільярдаў эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Орбан страціў уладу пасьля 16 гадоў: вугорцы масава падтрымалі ягонага праэўрапейскага суперніка Мадзяра

12 красавіка ў Вугоршчыне прайшлі выбары, у выніку якіх партыя Орбана пацярпела паразу.

Як заявіў Зяленскі сёньня, выступаючы ў Бэрліне, нафтаправод будзе адрамантаваны да канца красавіка — ня цалкам, але ў дастатковай меры для аднаўленьня працы. Зяленскі падкрэсьліў, што Украіна і раней называла такія тэрміны. 20 сакавіка ўлады краіны заяўлялі, што рамонт можа скончыцца праз шэсьць тыдняў. Сам Зяленскі пры гэтым называў іншыя тэрміны — да канца вясны.

Зяленскі адмаўляе, што Ўкраіна знарок спыніла прапампоўку нафты, каб паўплываць на Вугоршчыну і Славаччыну. У той жа час, ён неаднаразова заклікаў гэтыя краіны адмовіцца ад закупак нафты ў Расеі.

Пераможца выбараў у Вугоршчыне, імаверны будучы прэмʼер Пэтэр Мадзяр заявіў напярэдадні, што ў найбліжэйшай будучыні краіна ня зможа адмовіцца ад расейскай нафты. Ён пры гэтым даў зразумець, што разблакуе выдзяленьне крэдыту Ўкраіне. Зяленскі пацьвердзіў, што гатовы сустрэцца з Мадзярам у любы час.

У Бэрліне Зяленскі правёў перамовы з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. Заплянаваны таксама яго візыт у Нарвэгію.