Паводле Філіпенкі, адміністрацыя Дональда Трампа разглядае Беларусь перш за ўсё як інструмэнт уплыву на Маскву і, магчыма, на Пхэньян. Зьняцьцё амэрыканскіх санкцыяў (у тым ліку з калійных угнаеньняў) і магчымасьць аслабленьня эўрапейскіх санкцыяў успрымаюцца Вашынгтонам як частка шырэйшай дамоўленасьці.
Пытаньні дэмакратызацыі Беларусі і кардынальнай зьмены палітычнай сыстэмы для Трампа маюць другараднае значэньне — мяркуе экспэртка. Яна лічыць, што вызваленьне палітвязьняў — гэта прыемны бонус для амэрыканскай адміністрацыі, але не галоўная мэта.
Філіпенка адзначыла, што пасьля чарговага візыту спэцпрадстаўніка Трампа па Беларусі Джона Коўла ў Менск Лукашэнка сустрэўся з Кім Чэн Ынам. Гэта можа сьведчыць аб тым, што Менск перадаваў нейкія сыгналы Вашынгтона Пхэньяну, мяркуе Філіпенка.
Спэцпрадстаўнік Коўл у інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню заявіў, што ЗША зацікаўленыя ў адкрыцьці Клайпеды для транзыту беларускіх калійных угнаеньняў. Аднак, паводле ацэнкі Філіпенкі, для Амэрыкі гэта «казырная карта, але не джокер». ЗША самі закупляюць калійныя ўгнаеньні ў Канадзе, таму адкрыцьцё транзыту было б карысным, але не крытычна важным, нават з улікам вайны з Іранам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Коўл заклікаў Вільню да дыялёгу зь Менскам і аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь ЛітвуГаворачы аб магчымым ціску на Літву, Філіпенка дапусьціла, што Трамп у сваім стылі мог бы выкарыстоўваць «бізун» — намякнуць на магчымае скарачэньне вайсковай дапамогі або прысутнасьці ЗША ў краінах Балтыі (такія пляны Пэнтагона ўжо агучваліся раней). Аднак яна лічыць, што ў дачыненьні да Літвы Вашынгтон хутчэй абярэ стратэгію «перніка», а не «бізуна». Літва традыцыйна вельмі чуйная да пажаданьняў Вашынгтона і актыўна супрацоўнічае з ЗША.
Пры гэтым пляны Трампа што да вываду амэрыканскіх войскаў з Гішпаніі і Нямеччыны (краінаў, якія не падтрымалі апэрацыю «Эпічная лютасьць» супраць Ірана) адкрываюць для Літвы пэрспэктыву стаць новым месцам разьмяшчэньня гэтых сілаў. Менавіта гэты пазытыўны стымул, на думку Філіпенкі, Вашынгтон і будзе выкарыстоўваць у першую чаргу, каб дамагчыся ад Вільні згоды на транзыт беларускіх угнаеньняў.