Як нагадала выданьне «Люстэрка», пасада дырэктара тэатра заставалася вакантнай зь лютага, пасьля звальненьня Тацяны Тоўсьцік.
Вячаслаў Лявоненка з 2024 году працаваў у Тэатры лялек намесьнікам дырэктара. Аднак на сайце тэатра не было ніякай інфармацыі пра яго. Выданьне таксама зьвярнула ўвагу на тое, што і ў адкрытых крыніцах імя новага дырэктара не згадваецца.
Пры дапамозе ініцыятывы «Кібэрпартызаны» высьветлілі, што Вячаслаў Лявоненка скончыў Акадэмію МУС у 2001 годзе, працаваў у сталічнай міліцыі і да 2008 году даслужыўся да маёра. У 2012 годзе яго звольнілі з пасады старэйшага экспэрта-крыміналіста Завадзкога РУЎС Менску па згодзе бакоў да заканчэньня кантракту. Адразу пасьля гэтага Лявоненка пайшоў працаваць у службу аховы «Евроторг» (сетка «Эўраопт»), а ў 2015-м стаў намесьнікам начальніка аховы. У 2017 годзе перайшоў у «Доброном» (сеткі «Копеечка», «Маяк» і «Доброном»).
У лістападзе 2023 году ён ужо працаваў у Завадзкой раённай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» на невядомай пасадзе, а праз два месяцы пасьля гэтага яго прызначылі намесьнікам тэатра лялек.
Выданьне нагадала, што цяпер практыка прызначэньня сілавікоў у Беларусі стала ўжо звычайнай, у тым ліку, у сфэры культуры. У 2024 годзе намесьнікам дырэктара па бясьпецы, рэжыму і кадрах менскага тэатру імя Горкага стаў Юры Петрашэўскі — маёр міліцыі, які працаваў начальнікам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Маладзечанскага РАЎС. Дырэктарам Горадзенскага драматычнага тэатра ў 2012–2025 гадах быў колішні вайсковец Ігар Гедзіч, экс-чалец Савета рэспублікі. Аднак выхадцаў зь міліцыі сярод дырэктарскага складу яшчэ не было.
Кадравыя зьмены ў сталічным тэатры лялек пачаліся ў кастрычніку 2022 году, калі звольнілі Яўгена Клімакова. Пасьля го тэатар ачольваў Дзьмітры Сямёнаў, але ў красавіку 2024 году яго павысілі да намесьніка кіраўніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму, а цяпер ён ачольвае «Беларусьфільм». Пасьля Сямёнава дырэктарам тэатру стала Тацяна Тоўсьцік.