Міністэрства культуры не працягнула кантракт галоўнаму рэжысэру Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. Пра гэта рэдакцыі парталу Zerkalo паведамілі чытачы. Аляксей Ляляўскі пакіне пасаду ў жніўні.
Прычына расстаньня са спэцыялістам не называецца.
Аляксей Ляляўскі нарадзіўся ў 1957 годзе ў Менску ў сям’і Анатоля Ляляўскага, аднаго з заснавальнікаў Беларускага тэатру лялек.
Ляляўскі-малодшы скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1979–1982 гадах працаваў рэжысэрам і памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек у Менску. У 1982–1986 гадах — галоўны рэжысэр Магілёўскага тэатру лялек. У 1986–1996 і з 1998 году — галоўны рэжысэр Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек.
Паставіў больш за 100 спэктакляў. Сярод іх «Майстар і Маргарыта» па Булгакаву, «Тарцюф» Ж.-Б. Мальера, «Драй швэстэрн», «Чайка. Вопыт прачытаньня» і «З Парыжам скончана!..» паводле п’ес Чэхава; «Ладзьдзя роспачы» Караткевіча, «Ганэле» Гаўптмана, «Дзед і журавель» Вольскага, «Чаму старэюць людзі?..» Вярцінскага.
Ляляўскі працаваў у Польшчы, Босьніі і Герцагавіне, Нямеччыне, Расеі, Нідэрляндах, Літве, Славеніі. Быў кіраўніком міжнародных творчых майстэрняў тэатру лялек у Бэльгіі, Фінляндыі, Польшчы, Нямеччыне і Іране.
Быў мастацкім кіраўніком Міжнароднага фэстывалю тэатраў лялек у Менску. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Ляляўскі — адзін з самых вядомых беларускіх рэжысэраў у сьвеце. Як адзначаюць спэцыялісты, Ляляўскі — "адзін з тых рэжысэраў, з чыім імем зьвязаны новы этап разьвіцьця беларускага тэатру лялек, яго выхад на міжнародны ўзровень.
Раней, восеньню 2022 году, на пэнсію адправілі Яўгена Клімакова, які з 1985 году быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек.