КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімІ фармаваньнямі» чаты сваякоў людзей, якія знаходзяцца ў СІЗА ці калёніях. Спачатку гэта адбылося з самым вялікім тэлеграм-чатам «СИЗО № 1 Колядичи». За ім «экстрэмісцкі статус» атрымалі яшчэ 10 чатаў у Telegram, 9 вайбер-чатаў і 3 суполкі ва «Ўкантакце».
Бальшыня ўдзельнікаў гэтых чатаў — сваякі асуджаных не па палітычных справах, а па звычайных крымінальных.
1800 чалавек толькі ў чаце СІЗА № 1
У так званых «турэмных чатах» людзі абмяркоўваюць збольшага арганізацыйныя моманты: як шукаць сваіх блізкіх у СІЗА і калёніях, куды і да каго зьвяртацца, якія прадукты лепш перадаваць, як іх упакоўваць, што з адзеньня і абутку прымаюць.
Тэлеграм-чат «СИЗО № 1 Колядичи» быў, бадай, самым буйным такім чатам. Ён моцна вырас у апошні час. Калі яшчэ два гады таму там было каля 500 чалавек, то ў сакавіку 2026 году — ужо 1800.
Сваяк аднаго маладога чалавека, які некалькі месяцаў знаходзіцца пад сьледзтвам у СІЗА ў Калядзічах, на ўмовах ананімнасьці распавёў Свабодзе, што пасьля арышту блізкага яго сям’я спачатку была ў шоку і разгубленасьці, бо людзі ніколі не сутыкаліся з такой праблемай і апынуліся сам-насам са сваёй бядой.
«Мы былі ў шоку, не разумелі, куды зьвяртацца, дзе шукаць сына. Паехалі ў СІЗА ў Калядзічы, там стаяла чарга зь перадачамі. Адна жанчына нам падказала, што ёсьць такі карысны чат. Там сапраўды быў пакрокавы дапаможнік — як дзейнічаць, куды зьвяртацца. Таксама ў чаце было шмат карысных парадаў, што можна перадаваць, у якім выглядзе, якія прадукты павінны быць у празрыстай упакоўцы, у якой тары. Аказалася, гэта цэлая навука, але лёгіку шукаць цяжка. Да прыкладу, сухафрукты перадаваць можна, акрамя чарнасьліву і разынак. Каляровыя алоўкі для маляваньня можна, але іх пастаянна трэба заточваць, а з гэтым у СІЗА праблема: трэба прасіць пэрсанал; а вось пастэль (па сутнасьці — крэйды) перадаваць нельга, стрыжні і асадкі можна толькі чорныя альбо сінія», — узгадвае суразмоўца.
Спроба перадаць рэчы для арыштаванага ў ІЧУ на завулку Акрэсьціна, архіўнае фота
Ён жартуе, што ўжо сам можа кансультаваць навічкоў дзякуючы чату, зь якога шмат чаго даведаўся. І вельмі шкадуе людзей, якім гэтыя чаты патрэбныя. Прычыну прызнаньня «турэмных чатаў» экстрэмісцкімі ён бачыць у тым, што ўлада вельмі баіцца праяваў салідарнасьці і самаарганізацыі людзей.
«Некалі экстрэмісцкай прызналі ініцыятыву „Пісьмо.бел“ (сэрвіс, які дазваляў дыстанцыйна напісаць любому зьняволенаму ў Беларусі. — РС), зьняволеным перадаюць лісты толькі ад сваякоў і пераконваюць, што пра іх усе забыліся і яны нікому нецікавыя. Потым пачалі жорстка караць жанчын сталага веку за дапамогу, саджаць за краты „за палку каўбасы“, за пяцірублёвы перавод. Хочуць пазбавіць грамадзтва эмпатыі, спачуваньня, спагады, праяваў чалавечнасьці. Паверце, у нашым чаце ніякай крамолы, уцечкі інфармацыі з самога СІЗА не было, нічога! Акрамя інфармацыі пра перадачы, пра спатканьні там нічога не абмяркоўвалася», — кажа мужчына.
«Гэта форма запалохваньня людзей»
Юрыст, праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка мяркуе, што ўлады вельмі баяцца любых праяваў самаарганізацыі людзей, іх актыўнасьці. І падкрэсьлівае, што самі «турэмныя чаты» зьявіліся не з палітычных прычын, а ў выніку натуральнай рэакцыі людзей на недахоп інфармацыі і празрыстасьці. Для родных зьняволеньне сваяка — гэта рэальна складанае новае жыцьцё.
«Такія чаты фактычна выконваюць выключна гуманітарную і бытавую функцыю — людзі абменьваюцца інфармацыяй пра перадачы, спатканьні, умовы ўтрыманьня. Але ўлада імкнецца крыміналізаваць нават гэтыя формы самаарганізацыі і ўзаемадапамогі, каб ізаляваць людзей адзін ад аднаго і пазбавіць іх падтрымкі. Гэта форма запалохваньня людзей — прызнаньне чатаў пра каўбасу і цёплае адзеньне экстрэмісцкімі», — мяркуе Павал Сапелка.
Павал Сапелка
Што да наступстваў знаходжаньня ў такіх чатах пасьля прызнаньня іх «экстрэмісцкмі», то рызыкі для ўдзельнікаў даволі сур’ёзныя, тлумачыць суразмоўца.
«Улады могуць паспрабаваць ужыць артыкулы, зьвязаныя з „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу), а таксама „садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“ (артыкул 361-4 КК). І праблема ў тым, што нават самы факт знаходжаньня ў такім чаце без нейкай актыўнай ролі ўжо можа адвольна трактавацца як падстава для крымінальнага перасьледу», — кажа праваабаронца.
Такім чынам, нават проста знаходжаньне ў забароненым уладамі чаце можа пагражаць зьняволеньнем на тэрмін да шасьці гадоў (артыкул 361-1). Калі сьледчыя органы ўбачаць «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — на год больш.
«Адсочвайце рашэньні ўладаў»
Многія «турэмныя чаты», у тым ліку і тэлеграм-чат «СИЗО № 1 Колядичи», вайбэр-чат гомельскай жаночай калёніі № 4 ды іншыя, ужо выдаленыя.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка мяркуе, што сваякі зьняволеных могуць паспрабаваць стварыць новыя чаты і карыстацца імі.
«Пакуль яны будуць прызнаныя экстрэмісцкімі, а можа, і ня будуць прызнаныя, карыстацца новымі, як раней карысталіся старымі. Іншага выйсьця я ня бачу», — сказаў Свабодзе Павал Сапелка.
Паводле ягонага досьведу, паміж стварэньнем новага чату і прызнаньнем яго экстрэмісцкім можа прайсьці значны пэрыяд, бо беларуская рэпрэсіўная сыстэма працуе даволі марудна, доўга думае перад прыняцьцем канчатковага рашэньня. Тым, хто працягвае карыстацца існымі чатамі, праваабаронца параіў узважваць рызыкі.
«Трэба быць пільнымі, адсочваць рашэньні, якія прымае ўлада адносна гэтых чатаў, бо няведаньне аб адказнасьці не пазбаўляе ад гэтай адказнасьці», — нагадвае юрыст.
Сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў», які абнаўляецца на сайце МУС, вельмі нязручны, бо не паказвае адразу ўвесь іх пералік. Таму людзі, якія нават правяраюць яго, могуць лёгка прапусьціць чат, прызнаны экстрэмісцкім. Таксама ў сьпісе тэлеграм-чаты часта пазначаныя праз ID, які ня бачаць звычайныя карыстальнікі, зьвяртае ўвагу Павал Сапелка.
Публічнай інфармацыі аб арыштах удзельнікаў прызнаных экстрэмісцкімі «турэмных чатаў» пакуль не было. Неякаторыя зь іх працягваюць функцыянаваць і пасьля наданьня экстрэмісцкага статусу.