Дональд Трамп паведаміў пра блякаду Армускай пратокі

Армуская пратока

Прэзыдэнт ЗША аб’явіў аб пачатку блякады Армускай пратокі. Паводле слоў Дональда Трампа, вайскова-морскія сілы ЗША «пачнуць блякаваць усе без выключэньня караблі», якія спрабуюць увайсьці ў Армускую пратоку або выйсьці зь яе.

Блякада пачнецца неўзабаве, да яе далучацца і іншыя краіны, удакладніў амэрыканскі прэзыдэнт у сваёй сетцы Truth Social.

Трамп таксама даручыў флёту выяўляць і затрымліваць у міжнародных водах караблі, якія плацілі Ірану мыта за праход цераз праліў.

«Ніхто з тых, хто плаціць незаконнае мыта, не атрымае бясьпечнага праходу ў адкрытым моры», — заявіў ён.

Паводле СМІ, апошнімі тыднямі Іран спаганяў зь некаторых вадаплаваў да мільёна даляраў за праход цераз праліў. Такія ўмовы, як сьцьвярджаецца, прынялі каля 250 караблёў, у асноўным зьвязаных з Іранам і ценевым флётам.

Прэзыдэнт дадаў, што ЗША пачнуць разьмінаваньне Армускай пратокі і будуць жорстка рэагаваць на якія-хаця атакі.

«Усякі іранец, які стрэліць у нас ці ў мірныя караблі, будзе адпраўлены проста ў пекла!», — падкрэсьліў Трамп.

Камэнтуючы перамовы з Іранам, якія прайшлі 11–12 красавіка ў Пакістане, ён заявіў, што бакам не ўдалося дамовіцца аб ядзернай праблеме.

ЗША і Іран раней дамовіліся аб двухтыднёвым перамірʼі, адной з умоваў якога было адкрыцьцё Армускай пратокі, церазь якую праходзіць каля 20% усясьветных паставак нафты. Рух караблёў ненадоўга аднавіўся, але пасьля ўдараў Ізраілю па Ліване Тэгеран зноў закрыў пратоку.

У Ліване Ізраіль працягвае апэрацыю супраць праіранскай групоўкі «Хэзбала», прызнанай тэрарыстычнаю ў Ізраілі і ЗША. Вашынгтон сьцьвярджае, што Лібан ня быў часткай пагадненьня аб спыненьні агню з Іранам. Тэгеран з гэтым катэгарычна ня згодны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША і Іран не дасягнулі пагадненьня на перамовах у Пакістане