У сваім звароце ён нагадаў пра духоўны сэнс Уваскрасеньня Хрыста — перамогу над сьмерцю і надзею на вечнае жыцьцё. Паводле яго, менавіта гэтая вера дапамагае людзям пераадольваць цяжкасьці і выпрабаваньні.
«Далёка ня ўсе людзі, нават з тых, якія лічаць сябе хрысьціянамі, прынялі Хрыстовую веру да свайго сэрца і жывуць паводле Божых Запаветаў. І сёньня бачым шмат гора й няпраўды навокал. Якімі б цяжкімі не былі выпрабаваньні для нас, але ўсьведамленьне ісьціны Ўваскрасеньня Хрыстовага дапамагае пераадольваць перашкоды й пераносіць пакуты на працягу нашага зямнога жыцьця. Як без Хрыстовае ахвяры не было б Ягонага Ўваскрасеньня, так і без нашае ахвяры Госпаду немагчыма наблізіць нашыя душы да Госпада». — напісаў архіяпіскап Сьвятаслаў.
Архіяпіскап Сьвятаслаў
Асобную ўвагу герарх надаў сучаснай сытуацыі беларусаў. У малітвах ён заклікаў памятаць пра палітвязьняў, а таксама пра тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Беларусь у пасланьні названая краінай, якой «пакуль кіруюць незаконныя й бязбожныя ўлады».
Таксама Сьвятаслаў выказаў падтрымку беларускім ваярам, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны.
Напрыканцы звароту архіяпіскап пажадаў вернікам Божага дабраславеньня і духоўнай моцы. Пасланьне завяршаецца традыцыйнымі словамі: «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!».
Беларуская Аўтакэфальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) — гэта незалежная праваслаўная царква, якая ўзьнікла як спроба стварыць беларускую нацыянальную праваслаўную структуру, не падпарадкаваную іншым патрыярхатам, перадусім Маскоўскаму. Першыя спробы стварыць БАПЦ былі ў 1920–30-х гадах у Беларусі. Сёньня БАПЦ існуе ў асноўным у дыяспары, у ЗША і Канадзе.