Апытаньне: рэйтынг ўхваленьня Пуціна — самы нізкі з лютага 2022 года

Уладімер Пуцін

Дзяржаўны Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) у апошнім апытаньні, дадзеныя якога апублікаваныя 10 красавіка, паведаміў аб новым падзеньні рэйтынгу ўхваленьня дзейнасьці прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Як сьцьвярджаецца на сайце цэнтра, у пэрыяд з 30 сакавіка па пятае красавіка рэйтынг Пуціна склаў 67,8%, што ніжэй на 2,3 працэнтнага пункта, чым у папярэднім апытаньні, праведзеным 19-22 сакавіка.

Такім чынам, рэйтынг Пуціна, па дадзеных ВЦИОМ, самы нізкі з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Украіну ў 2022 годзе. Ніжэй ён быў па выніках апошняга перад вайной апытаньня (64,3%), а пасьля 24 лютага ажно да сёньняшняга дня не апускаўся ніжэй за 70%.

На іншае пытаньне, сфармуляванае «ці давяраеце вы Пуціну», станоўча адказалі 73,8% рэспандэнтаў, што таксама ніжэй, чым тыднем раней.

Сацыялягічныя службы не паведамляюць, з чым канкрэтна можа быць зьвязана падзеньне рэйтынгу Пуціна. У апошнія тыдні незадаволенасьць, у тым ліку і ў праваенных колах, выклікаюць блякіроўкі ў інтэрнэце. Неназваны паліттэхноляг, блізкі да Крамля, якога цытуе «Медуза», сьцьвярджае, што ёсьць і іншыя прычыны. «Занадта шмат усяго [нэгатыўнага] адбываецца — ад пастаяннага росту цэн да нарастаньня стомленасьці ад вайны. Які ўклад уносяць менавіта блякіроўкі — ацаніць складана», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заяўляе, што ўдарыла ў сьвідравыя ўстаноўкі Расеі ў Касьпійскім моры