Украіна заяўляе, што ўдарыла ў сьвідравыя ўстаноўкі Расеі ў Касьпійскім моры

Нафтавыя плятформы кампаніі Лукойл на радовішчы імя Карчагіна, Касьпійскае мора, архіўнае фота

Сілы абароны Украіны ў ноч на 10 красавіка ўдарылі па дзьвюх буравых плятформах на шэльфе Касьпійскае мора. Пра гэта паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны.

Паводле папярэдняй інфармацыі, былі атакаваныя ледастойкія стацыянарныя плятформы ЛСП-2 на радовішчы імя В. Грайфера (раней Ракушачнае) і ЛСП-1 на радовішчы імя Юрыя Карчагіна.

У Генштабе адзначылі, што гэтыя аб’екты знаходзяцца на поўначы Касьпійскага мора — амаль за тысячу кілямэтраў ад лініі баявога сутыкненьня — і зьяўляюцца важным элемэнтам забесьпячэньня расейскіх войскаў палівам.

«Сілы абароны Украіны працягнуць наносіць удары па ключавых аб’ектах акупантаў да поўнага спыненьня ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.

Расейскія ўлады не паведамлялі пра ўдары па буравых устаноўках. У Міністэрства абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 10 красавіка яны зьбілі 151 украінскі бесьпілётнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ботах па «моры Герадота». Нацпарк «Прыпяцкі» запусьціў незвычайныя экскурсіі