На разьлівы Прыпяці прыяжджаюць з усёй Беларусі — кірунак вельмі папулярны. Па «моры Герадота» можна падарожнічаць ня толькі на каяках і байдарках. Цяпер набірае папулярнасьць і новы фармат — пешыя прагулкі ў ботах, піша Белта. Амаль усе выходныя ў красавіку і траўні ўжо практычна цалкам забраніраваныя. Прапановай скарысталіся каля сотні чалавек, а ўсяго ў сьпісе — каля тысячы ахвотных.
Сярод іншых навінак — маршруты на квадрацыклах па пойменных лугах уздоўж старычных азёр (утвораныя з былога рэчышча ракі), якіх у нацпарку налічваецца каля 540. Таксама рыхтуецца адкрыцьцё веламаршруту «Пойменныя дубравы» і экалягічнай сьцежкі «Пойма Прыпяці». Гасьцям прапануюць прагулкі сярод дубоў-гігантаў, назіраньне за птушкамі і знаёмства з прыроднымі ляндшафтамі.
Палесьсе
Кожную вясну падчас паводкі паўнаводная Прыпяць выходзіць зь берагоў і затапляе лугі і лясы на дзясяткі кілямэтраў. Гэта стварае ўражаньне бясконцай воднай прасторы, апісанай яшчэ старажытнагрэчаскім гісторыкам Герадотам у V стагодзьдзі да нашай эры.