Паводле інфармацыі «Люстэрка», 10 красавіка там зноў праходзяць затрыманьні. На працоўныя месцы выклікалі ўсіх супрацоўнікаў, у тым ліку тых, каго не было падчас першага візыту сілавікоў.
«Затрымліваюць усіх, каго ўчора не было на працоўных месцах», — апавяла «Люстэрку» знаёмая з сытуацыяй крыніца. Сьледчыя дзеяньні, як і надоечы, праводзілі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
Большасьць з прыкладна 50 супрацоўнікаў, затрыманых учора, ужо адпусьцілі. Аднак заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar), паводле папярэдніх зьвестак, застаецца пад вартай. Другі сузаснавальнік студыі, Аляксей Караблёў, знаходзіцца ў ЗША.
9 красавіка, паводле «Люстэрка», сілавікі затрымалі ў офісе кампаніі ZROBIM architects усіх супрацоўнікаў, якія там былі — каля паўсотні чалавек. Прычыны цікавасьці сілавікоў да адной з самых вядомых і пасьпяховых архітэктурных студый Беларусі ўлады афіцыйна не агучвалі.
Прапагандыст Рыгор Азаронак зьвязаў візыт сілавікоў з допісам Андрэя Макоўскага ў Threads ад 4 сакавіка, дзе той зь зьдзіўленьнем паведамляў, што ад прыватнай арганізацыі патрабуюць узяць у штат ідэоляга.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім (Андрусь Bezdar) і Аляксеем Караблёвым. Кампанія вядомая сваімі праектамі ў сучаснай архітэктуры і дызайне, працуе як у Беларусі, так і за мяжой.
Студыя актыўна вядзе сацыяльныя сеткі і блог, дзе дзеліцца новымі праектамі і навінамі. Кампанія рэгулярна атрымлівае прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды. Гэтак, летась іх праект школы ў прысталічным мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».
Форум