У зьняволеньні Вялікі тыдзень правёў каталіцкі сьвятар ксёндз Анатоль Парахневіч, якога затрымалі пры невядомых абставінах. Што адбываецца з рэлігійнымі супольнасьцямі ў Беларусь і як вернікі і сьвятары перажываюць гэтыя сьвяты ва ўмовах ціску, пагаворылі ў «ПіКу Свабоды» з тэалягіняй, прадстаўніцай аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальляй Васілевіч.
— Як шмат сьвятароў сустракаюць Вялікдзень за кратамі?
— Таму пяць чалавек па нашых падліках на сённяшні дзень знаходзяцца за кратамі. Іх насамрэч больш, але пагаварыць мы можам толькі пра пяцёх пакуль.
— А ці вядома ад былых палітзьняволеных ці з лістоў, як сустракаюць Вялікдзень за кратамі? Ці маюць магчымасьць вернікі пайсьці на службу, пафарбаваць яйкі, запаліць сьвечкі? Якія магчымасьці ў сьвятароў?
Тэалягіня, прадстаўніца аб’яднаньня «Хрысьціянская візія» Натальля Васілевіч
— Гэта залежыць, безумоўна, ад калёніі, як арганізавана жыцьцё ў кожнай канкрэтнай установе падобнага тыпу. У сьледчых ізалятарах свае ёсьць асаблівасьці. Мне запомніўся, напрыклад, адзін такі выпадак, як людзі сьвяткавалі. Расказваў пра гэта былы сьвятар Аляксандр Тарасенка, які правёў у СІЗА ў Гомлі Вялікдзень 2023 года. Ён расказваў, што ён гэтае СІЗА асьвячаў некалі, калі быў сьвятаром, і там апынуўся ўжо як зьняволены. Ён быў сьвятар, потым сышоў са сьвятарства і манаства, але іншыя зьняволеныя ставіліся да яго як да сьвятара. Яны вельмі прасілі, каб ён асьвяціў ежу, пасьпяваў велікодныя сьпевы, каб зрабіць сьвята. І ён неяк вярнуўся да свайго сьвятарства ў гэтую ноч, каб падтрымаць гэтых людзей. Ён сьпяваў для іх, маліўся, асьвячаў ежу. І гэта было вельмі кранальна.
— У лістападзе Лукашэнка памілаваў двух каталіцкіх сьвятароў. Гэта Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня, і Анджэй Юхневіч, асуджаны на 13 гадоў. Ці вядома, дзе яны, што зь імі?
— Вядома, што яны знаходзяцца ў Рыме. Імі апякуецца Сьвяты Пасад. Яны не выходзяць на сувязь цяпер, у іх інфармацыйны каранцін, зьвязаны, напэўна, з дамоўленасьцямі па ўмовах іх вызваленьня. Але яны ў добрым стане, у добрым гуморы. Іх жыцьцё — духоўнае, псыхалягічнае, матэрыяльнае — забясьпечваецца.
— На гэтым тыдні Вярхоўны суд адмовіў у скарзе грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці. Таксама ліквідаваныя парафіі ў Баранавічах і Івацэвічах. У выніку ў Берасьцейскай вобласьці не засталося ніводнай грэка-каталіцкай парафіі. Наколькі гэта сыстэмны перасьлед?
— Мы бачым, што гэта сыстэмны перасьлед, таму што цэлая вобласьць засталася без ніводнай парафіі. Гэта вельмі паказальна. І пры гэтым парафіі там былі моцныя. Напрыклад, парафія ў Берасьці была ўнікальнай: яна не толькі праводзіла набажэнствы, але і дапамагала людзям у цяжкіх сытуацыях. Падчас міграцыйнага крызісу яны дапамагалі чачэнскім уцекачам — жанчынам з дзецьмі, якія заставаліся без нічога. Гэта была непапулярная група, але парафія ўзяла на сябе адказнасьць дапамагаць ім. Я ня ведаю іншых такіх прыкладаў у Беларусі.
— Ці былі ў сьпісах вызваленых сьвятары або вернікі?
— Так, некалькі вернікаў было. Напрыклад, Кацярына Андрэева. Яе дзядзька, дыякан Барыс Бахвалаў, падтрымліваў яе падчас судоў. Таксама быў вызвалены Алег Кінеў — вядомы дойлід, які рабіў купалы для многіх храмаў. Мы таксама спачатку падумалі, што вызвалілі Дзьмітрыя Наважылава, але аказалася, што гэта іншы чалавек з такім жа прозьвішчам. Ён яшчэ застаецца ў зьняволеньні. Трэба разумець, што не заўсёды людзі трапляюць у турму менавіта за сваю веру — яны могуць быць журналістамі, актывістамі або проста за лайкі і рэпосты. Але вера — гэта важная частка іх асобы.
— Ці можна сказаць, што вера становіцца важнай у зьняволеньні?
— Безумоўна. Напрыклад, Мікіта Залатароў, самы малады палітзьняволены, казаў, што менавіта ў турме ён прыйшоў да веры. Ён казаў, што першае, што хоча зрабіць пасьля вызваленьня — гэта памаліцца і падзякаваць Богу. Для яго вера стала крыніцай сілы. І многія кажуць пра гэта. Напрыклад, Уладзімір Мацкевіч казаў, што ніколі ў жыцьці не маліўся так, як у зьняволеньні. Ён нават галадаў, каб дамагчыся сустрэчы з пастарам. Таму свабода рэлігіі за кратамі — гэта не раскоша, а базавае права чалавека.
— Лукашэнка ў свой час скасаваў велікодны панядзелак як выходны. Чаму і ці ёсьць шанцы яго вярнуць?
— Я думаю, што яго трэба вярнуць. У многіх краінах выходнымі з’яўляюцца дні ад пятніцы да панядзелка ў велікодны пэрыяд. Але ў Беларусі гэтага няма. Лукашэнка нават праводзіў суботнікі ў Вялікую суботу. Я памятаю, як ехала на начную службу — гэта быў дзень цішы, асаблівы дзень — і ў гэты час у Менску ехалі танкі на рэпэтыцыю параду. Гэта цалкам разбурае адчуваньне сьвятасьці. Мне здаецца, што для Лукашэнкі гэта не сьвятыя дні. Таму пры ім велікодны панядзелак не вернецца. Але пасьля — магчыма. І я думаю, што нават дзень, калі Лукашэнка сыдзе, стане сьвятам.