Качанава прапанавала ўвесьці адказнасьць за няпраўду ў зваротах на TikTok

Натальля Качанава, архіўнае фота

Старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава выказалася за ўвядзеньне адказнасьці за публікацыю інфармацыі ў сацыяльных сетках, такіх як TikTok.

У апошнія гады гэтая відэаплятформа стала для беларусаў важнай пляцоўкай для публічных скаргаў і зваротаў да чыноўнікаў рознага ўзроўню.

Выступаючы ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны», Натальля Качанава расказала аб новым законе аб зваротах грамадзян, над якім зараз працуюць у Нацыянальным сходзе.

«Мы зараз працуем над законам аб зваротах грамадзян. Вядома, павінна быць усё ж такі ў людзей адказнасьць. Калі ты ўжо праз сацыяльныя сеткі ў публічную прастору выкідваеш нейкую праблему, то гэтая інфармацыя павінна быць абсалютна дакладнай. А часьцяком гэта абсалютна ня так. Калі пачынаюць разьбірацца больш глыбока і дэталёва ў тым, пра што заяўляюць нашы грамадзяне, выкідваючы інфармацыю ў TikTok або ў нейкі іншы інфармацыйны канал, то часта гэта абсалютна недакладная інфармацыя.

Яна заклікала да адказнасьці за тое, што людзі пускаюць у публічную прастору.

«Ну а як па-іншаму? Бо вы разумееце, калі пачынаюць разьбірацца, і адразу людзі чытаюць і думаюць: ну вось так, як жа так маглі зрабіць, ніхто ня бачыў таго, што адбываецца на месцах. А калі размаўляеш зь іншым бокам, то ты разумееш, што ня ўсё проста так», — сказала яна.

Паводле яе словаў, пасьля зваротаў многія людзі і структуры займаюцца агучанымі пытаньнямі, адцягваючы сваю ўвагу ад асноўнай працы. Сьпікерка Савету Рэспублікі пры гэтым заявіла, што звароты людзей і надалей будуць вывучацца ўладамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уладальніка горадзенскага блога «S13», палітвязьня Сяргея Чабоцьку асудзілі на 3,5 гады калёніі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Менскія ўлады ліквідавалі дабрачынны фонд «КіндэрВіта», які дапамагае анкахворым дзецям

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 13 сакавіка: 69-гадовую пэнсіянэрку асудзілі за «абразу Лукашэнкі», арыштаваных выдаўцоў прызналі палітвязьнямі