У расейскім Мін’юсце, які падаў пазоў, заявілі, што дзейнасьць руху «ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, забесьпячэньню цэласнасьці і бясьпекі» Расеі, а таксама скіраваная на «нівэляваньне гістарычных, культурных, духоўных і маральных каштоўнасьцяў, распальваньне сацыяльнай і рэлігійнай варожасьці», перадае «Коммерсант».
Пасьля выраку Цэнтар абароны правоў чалавека «Мэмарыял» абвясьціў пра спыненьне працы ў Расеі.
Праваабаронцы заявілі, што «гэтае неправавое рашэньне азначае новы этап палітычнага ціску на расейскую грамадзянскую супольнасьць», а «рэпрэсіўны апарат пуцінскага рэжыму будзе перасьледаваць прыхільнікаў і ўдзельнікаў самых розных арганізацый „Мэмарыяла“».
Афіцыйнае прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Расеі назвала рашэньне Вярхоўнага суду «палітычна матываваным ударам па грамадзянскай супольнасьці ў Расеі».
«Цягам дзесяцігодзьдзяў „Мэмарыял“ быў і застаецца аплотам гістарычнай памяці і абароны правоў чалавека. Гэты крок ня зможа сьцерці ягоную спадчыну. У мінулым сама расейская дзяржава ня толькі афіцыйна прызнавала заслугі „Мэмарыяла“, але і аказвала непасрэдную падтрымку, а сябры арганізацыі на працягу многіх гадоў уваходзілі ў склад Савету па правах чалавека. ЭЗ нязьменна падтрымлівае тых, хто працягвае змагацца за гістарычную праўду і справядлівасьць у Расеі. Патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх праваабаронцаў і выказваем цьвёрдую салідарнасьць зь сіламі, якія прасоўваюць дэмакратычныя каштоўнасьці», — гаворыцца ў заяве.
«Мэмарыял» — адна з найстарэйшых арганізацый, якая займаецца дасьледаваньнямі рэпрэсій у СССР і перасьледу ў Расеі, яна была створана яшчэ ў 1989 годзе пры ўдзеле Андрэя Сахарава.
У 2022 годзе «Мэмарыял», украінскі Цэнтар грамадзянскіх свабодаў і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які тады быў за кратамі, сталі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру.