Усё часьцей маладыя людзі думаюць пра здароўе, дабрабыт і «плян Б» на выпадак, калі ўмовы пагоршацца, — гэта вынікае з дасьледаваньня Цэнтру новых ідэяў.
Дасьледаваньне грунтуецца на эмпірычных зьвестках і прапануе цэласны погляд на тое, як фармуецца лёгіка паводзінаў моладзі ў сытуацыі працяглага крызісу. Асабліва ўважліва разглядаюць пытаньні трывожнасьці, пачуцьця кантролю над жыцьцём, міграцыйных намераў, а таксама зьменаў у каштоўнасьцях і чаканьнях.
Большасьць маладых людзей ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча і штодзённую бясьпеку як «сярэднія» або «хутчэй добрыя». Людзі даюць сабе рады з выдаткамі, вучобай, працай. Побыт арганізаваны. Але калі гаворка заходзіць пра эмоцыі, карціна зьмяняецца. Амаль кожны пяты прызнае, што пачуваецца «дрэнна» або «хутчэй дрэнна». Эмацыйная сфэра — самая ўразьлівая: вонкавая функцыянальнасьць не гарантуе ўнутранай стабільнасьці. Людзі навучыліся трымаць сябе ў руках, але кошт гэтай самарэгуляцыі — пастаяннае напружаньне.
Фаталізм і асьцярожнасьць
Адной з галоўных асаблівасьцяў настрояў робіцца спалучэньне надзеі і фаталізму. Моладзь у большасьці верыць, што можа пабудаваць годнае жыцьцё. Яна не адмаўляецца ад доўгатэрміновых плянаў і разьвіцьця. Але паралельна больш як палова прызнае: бываюць моманты, калі здаецца, што ад цябе нічога не залежыць. Не ў прыватнай сфэры (адукацыя, праца, даход, самаразьвіцьцё), а менавіта ва ўплыве на інстытуцыйныя працэсы.
Асьцярожнасьць робіцца новай сацыяльнай кампэтэнцыяй. Моладзь вучыцца адчуваць рызыку, фільтраваць выказваньні, выбіраць бясьпечныя тэмы для размовы. Самакантроль перастае быць выключэньнем — ён становіцца нормай. Гэта не абавязкова пра страх. Часьцей — пра рацыянальнасьць. У сытуацыі, калі правілы гульні выглядаюць няпэўнымі, разумна не выходзіць за межы.
Адсюль скарачэньне далягляду плянаваньня. Замест стратэгіі на дзесяцігодзьдзе — гнуткія сцэнары на некалькі гадоў. Замест вялікага праекту — адаптыўнасьць.
На найбліжэйшыя 3–5 гадоў моладзь часьцей плянуе паляпшэньне матэрыяльнага становішча, клопат пра здароўе, спакойнае жыцьцё бяз рэзкіх пераменаў, разьвіцьцё кар’еры. Менш гавораць пра маштабныя рыўкі і радыкальныя трансфармацыі. Гэта стратэгія мінімізацыі рызыкі. Пры гэтым выяўляюцца гендэрныя адрозьненьні: мужчыны часьцей арыентуюцца на адкрыцьцё ўласнай справы і стварэньне сям’і, жанчыны — на адукацыю, здароўе і больш стабільны лад жыцьця. Але ў аснове — аднолькавае імкненьне да апоры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзьве апазыцыйныя Беларусі: чым адрозьніваюцца аўдыторыі беларускіх і расейскіх незалежных СМІПляны на эміграцыю
Толькі меншасьць цьвёрда плянуе выехаць зь Беларусі. Але каля паловы дапускае такую магчымасьць. Гэта азначае, што эміграцыя стала часткай уяўнай будучыні. Яна не рамантызуецца і не драматызуецца. Часьцей за ўсё называюць прагматычныя прычыны: заробкі, пэрспэктывы, прафэсійны рост. Палітычныя чыньнікі важныя, але не дамінуюць.
Адначасова наймацнейшымі «якарнымі» фактарамі застаюцца сям’я, дом, звыклае асяродзьдзе. Шмат значыць штодзённасьць. Менавіта яна часта стрымлівае ад імгненнага рашэньня.
Найбольш распаўсюджаныя формы ўдзелу моладзі ў грамадзкім жыцьці — бясьпечныя і сацыяльна ўхваленыя: дапамога людзям, валянтэрства, дабрачыннасьць. Публічныя і патэнцыйна канфліктныя формы амаль выключаюцца. Гэта сьведчыць, што запыт на залучанасьць ёсьць. Але ён вымагае выразнага разуменьня: што менавіта зьменіцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьніжэньне колькасьці насельніцтва Беларусі — тыповае для рэгіёну. Калі верыць афіцыйным лічбамЧатыры мадэлі паводзінаў і геапалітыка
Дасьледніца вызначыла чатыры асноўныя мадэлі паводзінаў моладзі ў Беларусі: штодзённая адаптацыя — падтрымліваць рытм жыцьця без глыбокай рэфлексіі, прагматычнае ўніканьне — менш залучанасьці, асьцярожнасьць, рэфлексія і падтрымка — апора на блізкіх, творчасьць, іронію, эскапізм — ізаляцыя і адыход у онлайн.
На асабістым узроўні моладзь выразна падзяляецца паміж двума полюсамі: бясьпека і прадказальнасьць супраць свабоды і рызыкі. Спалучыць іх складана, але калі ідзецца пра будучыню краіны, жаданьне балянсу становіцца відавочным. Моладзь не ўспрымае стабільнасьць і свабоду як узаемавыключныя каштоўнасьці.
Шукаюць раўнавагі і ў геапалітычных поглядах. Для бальшыні няма «крэну» на Ўсход або на Захад, а ёсьць гібрыдная тоеснасьць. Гэта адлюстроўвае рэальны досьвед жыцьця паміж рознымі ўплывамі.