У грэцкім горадзе Салёнікі паводле літоўскага ордэра арыштавалі 55-гадовага мужчыну. Яго падазраюць у супрацы з расейскай агентурнай сеткай, якая рыхтавала забойствы расейскага актывіста і палітычнага дарадцы ў Літве, пішуць выданьні Voria і Delfi.
Мужчыну, які зьяўляецца этнічным грэкам з Грузіі, затрымалі 10 лютага ў ягоным доме. Суд у Салёніках прыняў рашэньне пра ягоную экстрадыцыі ў Літву.
Як піша Delfi з спасылкай на праваахоўныя органы Літвы, мужчына быў часткай групоўкі, якая плянавала забойствы 46-гадовага расейскага актывіста, што атрымаў палітычны прытулак у Літве, і літоўскага палітычнага дарадцы, вядомага сваёй антырасейскай рыторыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пад пагрозай ня толькі першыя асобы». Грамадзкія дзеячы ў выгнаньні — пра бясьпеку пасьля зьнікненьня Мельнікавай і КотаваЛітоўскія сілавікі лічаць, што падазраваныя зьбіралі разьведвальную інфармацыю пра патэнцыйных ахвяр забойства і сачылі за імі з дапамогай фатаздымкаў і відэазапісаў. Пад капотам аўтамабіля дарадцы знайшлі прыладу для праслухоўваньня. Таксама былі ўзламаныя акаўнты расейскага актывіста.
Паводле матэрыялаў справы, зь якімі азнаёмілася выданьне Voria, замоўцы заплацілі 5000 эўра на афармленьне пашпартоў і паездку ў Літву для патэнцыйных забойцаў. Найміты меліся атрымаць 40 тысячаў эўра, а арганізатар забойства — 10 тысячаў.
Групоўцы не ўдалося ўчыніць забойствы, бо летась 12 сакавіка паліцыянты затрымалі частку падазраваных у Літве.
Паводле Voria, у матэрыялах справы фігуруюць двое грамадзян Беларусі, чацьвёра грамадзян Грэцыі (адзін зь іх яшчэ і з расейскім грамадзянствам), а таксама грамадзяне Грузіі, Літвы і Ўкраіны. Адзін зь іх цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне. Расьсьледаваньне працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У справе выбуховых пасылак, за якімі стаялі расейскія спэцслужбы, затрымалі 22 чалавекі. ВІДЭАЯк гаварылася ў дакладзе Міжнароднага цэнтру барацьбы з тэрарызмам і праекту Globsec, за чатыры гады поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Крэмль арганізаваў не менш як 151 гібрыдную атаку на тэрыторыі Эўропы. Аўтары дакладу налічылі 172 выканаўцы, 95% зь якіх раней ня мелі фармальных сувязяў з расейскімі спэцслужбамі. Пры гэтым толькі 58% зь іх ведалі, кім яны каардынуюцца насамрэч.
Маштаб такіх апэрацый вырас пасьля высылкі з Эўропы больш як 600 расейскіх агентаў з 2018 году. Страціўшы супрацоўнікаў разьведкі, якія працавалі пад дыпляматычным прыкрыцьцём, Крэмль пераключыўся на вэрбаваньне цывільных агентаў у Эўропе.