Ізраіль нанёс магутны ўдар па Лібане. У адказ Іран зноў закрыў Армускую пратоку і прыгразіў выйсьці зь перамір’я

Дым на месцы ізраільскіх авіяўдараў у лібанскім горадзе Сыдон, 8 красавіка 2026

Лібанскія афіцыйныя асобы паведамілі пра дзясяткі загінулых у выніку самых маштабных ізраільскіх удараў па краіне з моманту пачатку вайны з Іранам пяць тыдняў таму.

Пасьля аб’яўленьня перамір’я паміж ЗША і Іранам Ізраіль нанёс магутны ўдар па Лібане. Паводле апошніх зьвестак лібанскіх уладаў, колькасьць загінулых дасягнула 112 чалавек, параненых — больш за 800, перадаюць агенцтвы навінаў.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што мэтай атакі былі больш яе 100 камандных пунктаў і вайсковых аб’ектаў праіранскай групоўкі «Хэзбала» у Бэйруце і іншых мясьцінах Лібану.

Паўафіцыйнае агенцтва Fars дадало, што Іран ужо спыніў рух нафтавых танкераў праз Армускую пратоку ў адказ на ізраільскія бамбаваньні.

Іранскае агенцтва Tasnim з спасылкай на ананімную крыніцу паведаміла, што Тэгеран выйдзе з пагадненьня аб перамір’і, калі Ізраіль працягне атакаваць Лібан.

Іран паведаміў пасярэднікам, што ягоны ўдзел у перамовах з прадстаўнікамі ЗША ў Ісламабадзе, анансаваны на 10 красавіка, магчымы толькі пры ўмове спыненьня агню ў Лібане, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кувэйт, ААЭ і Бахрэйн заявілі аб ударах ракет і дронаў на фоне абвешчанага ЗША і Іранам перамір’я

Сытуацыя ўскладняецца рознымі трактоўкамі ўмоваў угоды: прэм’ер-міністр Пакістану Шахбаз Шарыф заявіў, што Лібан уключаны ў пагадненьне пра спыненьне агню, тады як прэм’ер Ізраілю Біньямін Нэтаньягу гэта абверг.

Карэспандэнтка амэрыканскага тэлеканалу PBS у Белым доме напісала ў сацсетцы X, што прэзыдэнт Дональд Трамп 8 красавіка асабіста сказаў ёй: Лібан «не ўваходзіць у дамову» з-за прысутнасьці там «Хэзбалы», якую ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.