Паводле «Люстэрка», за мінулы год пасьля скандальнага зьнікненьня Мельнікавай ад яе імя былі купленыя дзьве кватэры ў сталіцы. Выданьне спасылаецца на афіцыйныя дакумэнты і запэўнівае, што праверыла іх сапраўднасьць, аднак не публікуе зь меркаваньняў бясьпекі.
Экс-сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка 2025 году, адначасова зь ёй зьнікла больш за 150 тысяч даляраў, прызначаных для КР і «Кібэрпартызанаў».
З дакумэнтаў вынікае, што ў верасьні 2025 году Анжаліка стала ўласьніцай аднапакаёвай кватэры плошчай 33,8 м² на праспэкце Любімава ў Менску. Гэта спальны раён Паўднёвы Захад, цэны на падобныя кватэры там у раёне 70-80 тысяч даляраў.
У студзені 2026 году на імя Мельнікавай была куплена і аформлена яшчэ адна кватэра на вуліцы Пятра Мсьціслаўца ў жыльлёвым комплексе «Маяк Менску» на супрацьлеглым канцы сталіцы. Плошча кватэры — 91,8 м². Каштаваць яна магла некалькі соцень тысяч даляраў.
Яшчэ адной кватэрай у сталіцы Мельнікава з 2016 году валодала разам з мужам. Паводле «Люстэрка», у траўні 2024 на кватэру наклалі арышт. Тады Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга скліканьня, Анжаліка была ў іх ліку. Аднак, як стала вядома «Люстэрку», у лютым 2026 году арышт зьнялі пастановай таго ж СК.
Празь месяц кватэра перайшла ў аднаасобную ўласнасьць Мельнікавай. Падставай для гэтага стала пагадненьне пра падзел сумеснай уласнасьці мужа і жонкі. Як правіла, падставай для афіцыйнага падзелу маёмасьці становіцца развод.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што стала вядома пра справу Анжалікі Мельнікавай за год пасьля яе зьнікненьняАнжаліка Мельнікава эмігравала зь Беларусі ў верасьні 2020 году. У 2022 годзе ў Польшчы далучылася да НАУ. У ліпені 2024-га яе абралі сьпікерам КР (з канца сакавіка 2025 году функцыі сьпікера выконвала Станіслава Гліньнік, у сярэдзіне траўня новым сьпікерам стаў Арцём Брухан). Мае беларускае і польскае грамадзянства.
28 сакавіка 2025 году стала вядома, што Мельнікава знаходзіцца не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка 2025 году. Пачалі выказвацца розныя вэрсіі: ад выкраданьня спэцслужбамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да таго, што палітык сама была агенткай.
Група журналістаў The Insider і Polityka апублікавала сэрыю матэрыялаў, зь якіх вынікала, што яшчэ напрыканцы лютага Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лёндан, у Вялікай Брытаніі перасела на самалёт да Шры-Лянкі, а адтуль — у Дубай. Пасьля гэтага яе сьлед згубіўся. Расьсьледнікі ня выключылі, што Мельнікаву магла завэрбаваць вайсковая выведка Беларусі.
Пасьля яе зьнікненьня ў Польшчы завялі крымінальную справу, але што адбылося з Анжалікай, дагэтуль незразумела. Праз год у сацсетках зьявіліся фатаграфіі з жанчынай, падобнай на Анжаліку Мельнікаву, у спартовай залі, а бацька прызнаўся, што яна ўжо «даўнавата» ў Беларусі, але тэлефануе з схаванага нумара.