Іран ударыў па энэргетычных аб’ектах краін Пэрсыдзкай затокі

Пажар у міжнародным аэрапорце Кувэйту пасьля іранскага паветранага ўдару

5 красавіка зазнала ўдараў крытычна важная інфраструктура рэгіёну. Паведамляецца пра пашкоджаньні цывільных аб’ектаў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Бахрэйне і Кувэйце.

За апошнія тыдні краіны Пэрсыдзкай затокі сутыкнуліся зь неаднаразовымі абстрэламі бесьпілётнікаў і ракетамі з боку Ірану ў адказ на ўдары ЗША і Ізраілю, якія пачаліся ў канцы лютага, піша AFP.

Іран нанёс удары па энэргетычнай і іншай прамысловай інфраструктуры ў багатых на нафту краінах Пэрсыдзкай затокі, абвінавачваючы сваіх суседзяў у тым, што яны дазволілі амэрыканскім войскам праводзіць атакі з іх тэрыторыі.

Дзяржавы гэтага рэгіёну рашуча адкідаюць гэтыя абвінавачваньні з боку Тэгерану.

У Абу-Дабі заявілі ў нядзелю, што яны змагаюцца з пажарамі на нафтахімічным заводзе ў прамысловым горадзе Рувайс на паўночна-заходнім узьбярэжжы ААЭ.

«Улады рэагуюць на шматлікія пажары на нафтахімічным заводзе ў Баружы, выкліканыя падзеньнем абломкаў пасьля паспяховага перахопу сыстэмамі супрацьпаветранай абароны», — паведаміла прэс-служба гэтай краіны Пэрсыдзкай затокі.

«Апэрацыі на аб’екце былі неадкладна прыпыненыя, пакуль ацэньваецца шкода. Паведамленьняў пра пацярпелых няма», — дадалі ў паведамленьні пасьля таго, як Міністэрства абароны Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў раней заявіла, што рэагуе на ракетныя атакі і атакі бесьпілётнікаў.

Раней іранская армія заявіла, што нацэльваецца на «алюмініевыя прадпрыемствы» ў ААЭ і вайсковую інфраструктуру ЗША ў Кувэйце. Пра гэта паведаміла ў суботу афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва IRNA.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аэрапорт Дубаю пацярпеў ад удару бесьпілётніка, на нейкі час ён спыняў працу

Ісламская рэспубліка неаднаразова пагражала цывільнай інфраструктуры ў краінах Пэрсыдзкай затокі, бо амэрыкана-ізраільскія напады ў Іране таксама закранулі цэлі, якія маюць ключавое значэньне для эканомікі Ісламскай рэспублікі.

У суботу ў выніку ўдару па нафтахімічным цэнтры на паўднёвым захадзе Ірану загінулі пяць чалавек, паведаміў намесьнік губэрнатара правінцыі Хузэстан.

У нядзелю ў Бахрэйне дзяржаўная энэргетычная кампанія каралеўства заявіла, што ў выніку нападу іранскага бесьпілётніка пачаўся пажар у рэзэрвуары, які пазьней пагасілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Саудаўскай Арабіі ў выніку іранскіх абстрэлаў параненыя вайскоўцы ЗША. Хусіты ўступілі ў вайну на баку Ірану

Раней Міністэрства электраэнэргіі і водных рэсурсаў Кувэйту заявіла, што дзьве кувэйцкія электрастанцыі і апрасьняльныя станцыі былі пашкоджаныя ў выніку нападу бесьпілётніка з Ірану, што прывяло да «значнай матэрыяльнай шкоды і спыненьня працы двух электрагенэравальных блёкаў».

Такім чынам, пагрозы Тэгерану распаўсюдзіліся й на апрасьняльныя станцыі, ад якіх пустэльныя краіны Пэрсыдзкай затокі ў значнай ступені залежаць у забесьпячэньні вадой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы маем усе козыры». Колькі яшчэ можа працягвацца вайна ў Іране? Галоўнае ў звароце Трампа