Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт менска-магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў каталікоў рымскага абраду быць сапраўднымі вернікамі.
«Сёньня мы вітаемся „Хрыстус уваскрос!“, і ад кожнага хочам пачуць у адказ „Сапраўды ўваскрос“, бо такім чынам мы сьведчым, што мы хрысьціяне, людзі добрай волі. Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны хто дазваляе Ўваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосьцю Езуса Хрыста, які зьяўляецца найпрыгажэйшай маладосьцю гэтага сьвету.
Будзем жа сапраўднымі сьведкамі нашай веры ва Ўваскрослага Пана! Няхай Пасхальная таямніца, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, умацуе нашу веру ў Яго прысутнасьць сярод нас.
Ідучы па жыцьці, давайце, па прыкладзе апосталаў i Марыі Магдалены з раніцы Ўваскрасеньня, пойдзем з гэтай радаснай навіной насустрач нашым братам і сёстрам, каб і яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасеньне! (пар. Мц 28, 1-8)».
Біскуп Зьвязу Эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў у Беларусі Юры Раманчык у сваім віншаваньні пратэстанцкім вернікам адзначыў, што ўся Царква Хрыстовая зьвяртаецца да людзей з напоўненымі радасьцю сэрцамі аб Уваскрэслым Госпадзе Ісусе Хрысьце, гледзячы на пустую труну. Пустую, бо Ён уваскрос.
«Вялікдзень Гасподні — гэта ня проста гістарычная падзея, якую мы ўспамінаем раз на год. Гэта краевугольны камень нашай веры, наша надзея і наша будучыня. Апостал Павал сьведчыць нам: „А калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера ваша марная: вы яшчэ ў грахах вашых“ (1-ы да Карынцянаў 15:17). Але мы ведаем, што Хрыстос уваскрос! І гэтыя веды дае нам сілу стаяць непахісна ў нашым сьвеце, дзе так шмат смутку і выпрабаваньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Бараўлянах адбылася прэзэнтацыя перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мовуГэты ж урывак узгадалі й у грэка-каталіцкай царкве, віншуючы вернікаў праз канал. Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек сказаў, што яшчэ сьвяты Кірыла Тураўскі абвяшчаў народу радасьць ад уваскрасеньня Хрыста.
«Мы далучаемся да супольнасьці сьведкаў і мучанікаў нашых земляў, якія з Пасхальнай перамогі Хрыста чарпалі сілу быць вернымі Крыжу і Ўваскрасеньню.
Уваскрослы Хрыстос апосталам прынес сваё віншаваньне.
„Мір усім! Мір Вам!“ Гэта словы, якія ў нашай літургіі паўтараюцца. Ня толькі як элемэнт традыцыйнай літургіі, але й як дар, якім мы хочам дзяліцца з іншымі».
Раней Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква перадала вернікам віншаваньне Канстантынопальскага патрыярха Барталамея. Той, сярод іншага, прыгадаў вытокі сьвята Пасхі.
«Зноў спадобіўшыся дасягнуць вялікага сьвята Нараджэньня ў целе Сына і Слова Божага, мы славім „невымоўнае і неспасьціжнае зыходжаньне“ Збаўцы чалавечага роду і Адкупніка ўсяго стварэньня ад тленнасьці і абвяшчаем разам з анёламі: „Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!“
Хрыстос адкрыўся як „Эмануіл“, як „Бог з намі“ і „для нас“, як Бог побач з кожным з нас і „бліжэй да нас, чым мы самі да сябе“. Спрадвечнае Слова Божае, „адзінаіснае Айцу“, як гэта было вызначана ў дагмаце Першага Сусьветнага Сабору, 1700-годзьдзе якога хрысьціянскі сьвет належным чынам адзначаў на працягу гэтага году, „становіцца падобным да Свайго стварэньня“, увасобіўшыся ад Духа Святога і Марыі Дзевы, „каб абагавіць людзей“».