Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская праваслаўная супольнасьць у Польшчы падрыхтавала альбом велікодных сьпеваў

Альбом «Праваслаўны Вялікдзень»
Альбом «Праваслаўны Вялікдзень»

Альбом на беларускай мове можа моцна паспрыяць умацаваньню беларускай праваслаўнай супольнасьці ў польскай сталіцы.

На плятформе Zrzutka запусьцілі збор грошай на альбом сьвяточных праваслаўных сьпеваў на беларускай мове «Праваслаўны Вялікдзень». Аўтары стварылі альбом з 36 запісаў велікодных сьпеваў па-беларуску і падрыхтавалі ноты, а цяпер працуюць над новымі нотнымі зборнікамі.

Аўтары праекту — беларуская праваслаўная супольнасьць капліцы сьв. Рыгора Перадзэ ў Варшаве (Польская аўтакефальная праваслаўная царква). Ад сакавіка 2023 году там служаць Боскую літургію па-беларуску і разьвіваюць царкоўныя сьпевы на беларускай мове.

У зацікаўленых асобаў, якія хацелі бы далучыцца да збору грошай на выданьне альбому, ёсьць магчымасьць паслухаць прыклады запісаў і спампаваць поўны камплект нотаў. Гэта можна зрабіць і праз QR-кодна здымку.

Альбом «Праваслаўны Вялікдзень» (у дзьвюх частках) выйдзе на стрымінгавых плятформах ужо ў красавіку.

«Мы б хацелі, каб і нашыя сябры з Заходняй царквы таксама далучыліся да бізантыйскага досьведу сьвяткаваньня Вялікадня, таму, спадзяемся, да 5 красавіка альбом пройдзе мадэрацыю», — адзначылі ягоныя аўтары.

Таксама яны расказалі, за якія ахвяраваньні можна будзе атрымаць іх прадукцыю:

«У Варшаве на прыходзе сьв. Рыгора Перадзэ (Warszawa, ul. Lelechowska 5) можна атрымаць паштоўку-вокладку велікоднага альбому з QR-кодам доступу да ўсіх нот і запісаў за ахвяраваньне. Мінімальнае ахвяраваньне — 35 злотых (прыкладна 9 эўра). Вы ахвяруеце на месцы — мы аддаем на месцы.

Пры ахвяраваньні ад 200 злотых (прыкладна 50 эўра) мы вышлем гэтую паштоўку ў любую краіну, куды толькі магчымая паштовая дастаўка з Варшавы.

Пры ахвяраваньні ад 600 злотых (прыкладна 140 эўра) мы зробім для Вас флэшку, запішам туды велікодны альбом з нотамі і вышлем поштай».

На што пойдуць сродкі

Ахвяраваньні ідуць на разьвіцьцё беларускамоўнага праваслаўнага набажэнства, адзначае супольнасьць. У прыватнасьці, грошы пойдуць на:

  • адаптацыю літургічных твораў пад беларускую мову (аплата працы музыкаў і кампазытараў);
  • стварэньне электронных нот (аплата апраграмаваньня);
  • музычную і моўную карэктуру;
  • дызайн і вёрстку нотных зборнікаў;
  • друк і распаўсюд.

Да канца 2027 году парафіяне плянуюць таксама выдаць нотны зборнік літургій сьв. Яна Залатавуснага і сьв. Васіля Вялікага і велікодны нотны зборнік. У будучыні ўсе ноты, створаныя ў межах гэтага праекту, будуць выкладзеныя онлайн у адкрытым доступе.

Акрамя таго, аўтары праекту далей плянуюць запісваць сьпевы, а да іх ноты да Раства Хрыстовага і іншых вялікіх хрысьціянскіх сьвятаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG