Сёлета на пажарах у Беларусі загінула 240 чалавек

Ілюсьтрацыйнае фота

Ад пачатку 2026 года ў Беларусі здарылася 2.411 пажараў — на 21,2% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (1.989), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз апэратыўных даных Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

На пажарах выратавана 207 чалавек (124; +66,9%), траўмавана — 225 (139; +61,9%).

Ад агню загінула 240 чалавек — на 19,4% больш, чым за той жа перыяд 2025-га (201).

Варта адзначыць, што з канца мінулага месяца МНС некалькі разоў карэктавала статыстыку па сьмерцях у бок памяншэньня.

Напрыклад, пасьля абнаўленьня зводнай табліцы на сайце ведамства па выніках дзяжурных сутак, якія цягнуліся з 6:00 26 сакавіка па 6:00 27 сакавіка, налічвалася 239 ахвяр агню ад пачатку года. На наступны дзень было абвешчана, што загінуў яшчэ адзін чалавек, аднак агульная колькасьць не павялічылася, а зьменшылася — да 237.

Акрамя таго, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 3 красавіка да 6:00 4 красавіка) у Беларусі загінула два чалавекі (абодва — у Віцебску), але колькасьць ахвяр ад пачатку года з 239 вырасла не да 241, а да згаданага ліку — 240.

Раней МНС тлумачыла пэрыядычнае карэктаваньне даных тым, што часам пасьля правядзеньня судова-мэдыцынскай экспэртызы высьвятляецца — сьмерць здарылася не праз пажар. Наадварот, як заяўляла ведамства, узгараньне часам можа ўзьнікнуць пасьля сьмерці чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У студзені 122 чалавекі загінулі на пажарах у Беларусі