YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай». Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда неаднаразова камунікавалі з прадстаўнікамі Google, абмяркоўваючы ў тым ліку дзейнасьць прапагандысцкіх СМІ на плятформе YouTube. Старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пракамэнтаваў для Свабоды рашэньне YouTube выдаліць каналы БелТА, АНТ і СТВ.
Паводле Франака Вячоркі, гэтыя прапагандысцкія каналы заўжды хадзілі на мяжы, і меліся б быць заблякаваныя ўжо даўно і за парушэньне правілаў YouTube, і праз санкцыі.
«Нічога супольнага з журналістыкай там няма. Плятформа сапраўды доўга заплюшчвала вочы на ўсё гэта, і прапагандысты дзейнічалі, і пагражалі — што калі нас заблякуюць — то мы заблякуем YouTube цалкам. У асобных — краінах — доступ да каналаў ужо абмежаваны досыць працяглы час, але так каб цалкам закрывалі — такога пакуль не было. Тут магла спрацаваць агульная колькасьць парушэньняў правілаў плятформы. Чаму менавіта гэтыя тры — хутчэй за ўсё — адміністратар акаўнту той самы, і калі блякаваньне за парушэньні плятформы — то караюць усе каналы, якія належаць парушальніку. Калі ж заблякавалі праз санкцыі, то гэтымі трыма блякаваньне не абмяжуецца. Пад санкцыямі знаходзіцца Белтэлерадыёкампанія, але напрыклад, уласьнік каналу можа быць фармальна іншы, і трэба даказаць сувязь паміж падсанкцыйнымі Белтэлерадыёкампанія ці асобамі, і самімі каналамі. Фармальна арганізацыі, якія стаяць за каналамі, пад санкцыямі, але каб іх заблякавалі, павінен быць запыт ад дзяржавы, і YouTube блякуе каналы ў тых краінах, якія такі запыт накіравалі».
Старэйшы дарадца Ціханоўскай згадвае пра сустрэчы лідэркі дэмсілаў з кіраўніцтвам Google i Youtube, апошні раз з віцэ-прэзыдэнткай Youtube.
«Яны выдатна ведаюць праблему, і самі знаходзяцца перад складаным выбарам — блякаваць парушальнікаў, ці заплюшчваць вочы, каб тыя не шкодзілі плятформе. Рэжым жа на працягу працяглага часу займаецца палітычным шантажом, што калі нас будуць блякаваць — мы адключым усю плятформу. І я думаю, гэты шантаж і стрымліваў захады ў дачыненьні да парушальнікаў. Мы падымалі і іншыя пытаньні — напрыклад, у выніках пошуку Google заўжды і дагэтуль наверсе прапагандысцкія СМІ, толькі потым незалежныя. Google іх успрымае як нейкія афіцыйныя каналы, што ў нейкай ступені дыскрымінуе незалежныя мэдыі. Ну і вядома, заўжды гаворым пра падтрымку беларускай мовы на плятформах, незалежных мэдыяў, магчымасьці манэтызацыі для незалежных журналістаў і доступу да тых ці іншых інструмэнтаў гэтых кампаній».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ. Чаму, ці назаўсёды і хто пацярпіць? Разьбіраемся з мэдыяэкспэртам- YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».
- «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.
- «YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
- Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.
- «YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.
- На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.
- Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.
- Старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага сюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў абяцае, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.