З нагоды рэгістрацыі ІБК запрашае ўсіх ахвотных на сустрэчу, якая пройдзе ў Варшаве, 22 красавіка (серада), 18.00-20.00. Дакладнае месца стане вядомым пазьней. Тэма сустрэчы: «Беларуская кніга: што гэта такое і як мы яе ўспрымаем».
На мерапрыемстве абмяркуюць шэраг пытаньняў:
- успрыманьне беларускай кнігі ўнутры краіны і за яе межамі;
- сымбалічны капітал кнігі: прадмет гонару, маркер культуры ці проста тавар?
- дыскусія пра асабісты досьвед удзельнікаў: што для мяне беларуская кніга?
Інстытут беларускай кнігі паўстаў з ініцыятывы беларускіх незалежных выдаўцоў. Арганізацыя створаная для прасоўваньня беларускіх літаратараў і кніг. Сярод іншай дзейнасьці, ІБК тры гады запар ладзіць беларускі стэнд на галоўным кніжным кірмашы ў нямецкім Франкфурце-на-Майне.
Апошнім часам у Беларусі пачасьціліся атакі на беларускіх кнігавыдаўцоў. Чарговымі моцнымі ўдарамі па незалежным беларускім кнігавыданьні сталі сьмерць Рамана Цымберава, які выдаў дзясяткі ўнікальных кніг, і далейшы перасьлед апошніх незалежных выдаўцоў. За кратамі яшчэ застаецца Зьміцер Колас, а 2 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі прыпыняе на тры месяцы дазвол на працу выдавецтва «Тэхналёгія».