Як паведаміла выданьне BBC, гэта адбылося а 19:49 па часе Ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША (а 23:49 паводле Грынвіча, 02:49 паводле Менску), рухавікі «Арыёну» ўключыліся і правялі так званы «трансмесячны інжэкцыйны імпульс», то бок прыскорылі хуткасьць руху карабля.
У такім рэжыме рухавікі працавалі прыблізна 6 хвілін, у выніку чаго карабель пачаў пакідаць зямную арбіту. Гэта адзін з ключавых этапаў місіі, паколькі пасьля яго караблю цяжка павярнуць назад да Зямлі.
«Чалавецтва зноў паказала, на што яно здольнае. Нашаму шляху да Месяца дапамагаюць вашыя надзеі на будучыню», — сказаў пасьля гэтага руху Джэрэмі Хансэн, астранаўт Канадзкага касьмічнага агенцтва.
Супрацоўнікі NASA сказалі на прэсавай канфэрэнцыі, што імпульс прайшоў бездакорна.
«З вялікай радасьцю магу вам паведаміць, што ўпершыню з 1972 году, калі праходзіла місія „Апалон-17“, людзі пакінулі арбіту Зямлі», — сказала журналістам прадстаўніца NASA Лоры Глэйз.
Пазьней сябры экіпажу знайшлі час, каб паабедаць, а потым правялі сваю першую касьмічную прэсавую канфэрэнцыю і адказалі на пытаньні амэрыканскіх тэлеканалаў.
Астранаўтка Крысьціна Кох прызналася, што менавіта ёй давялося займацца рамонтам бартавога туалету, і дадала: «Люблю казаць, што [вантуз] — гэта найбольш важны інструмэнт у космасе». Яна патлумачыла, што пасьля некаторых непаладак цяпер гэты вузел ужо працуе.