Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьмічны карабель «Арыён» пакінуў арбіту Зямлі і накіраваўся да Месяца

Запуск карабля ў рамках місіі Artemis II (Артэміда II), 1 красавіка 2026 году
Запуск карабля ў рамках місіі Artemis II (Артэміда II), 1 красавіка 2026 году

Касьмічны карабель «Арыён», які ляціць да Месяца ў межах місіі Artemis II (Артэміда II) з чатырма астранаўтамі на борце, пакінуў зямную арбіту.

Як паведаміла выданьне BBC, гэта адбылося а 19:49 па часе Ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША (а 23:49 паводле Грынвіча, 02:49 паводле Менску), рухавікі «Арыёну» ўключыліся і правялі так званы «трансмесячны інжэкцыйны імпульс», то бок прыскорылі хуткасьць руху карабля.

У такім рэжыме рухавікі працавалі прыблізна 6 хвілін, у выніку чаго карабель пачаў пакідаць зямную арбіту. Гэта адзін з ключавых этапаў місіі, паколькі пасьля яго караблю цяжка павярнуць назад да Зямлі.

«Чалавецтва зноў паказала, на што яно здольнае. Нашаму шляху да Месяца дапамагаюць вашыя надзеі на будучыню», — сказаў пасьля гэтага руху Джэрэмі Хансэн, астранаўт Канадзкага касьмічнага агенцтва.

Супрацоўнікі NASA сказалі на прэсавай канфэрэнцыі, што імпульс прайшоў бездакорна.

«З вялікай радасьцю магу вам паведаміць, што ўпершыню з 1972 году, калі праходзіла місія „Апалон-17“, людзі пакінулі арбіту Зямлі», — сказала журналістам прадстаўніца NASA Лоры Глэйз.

Пазьней сябры экіпажу знайшлі час, каб паабедаць, а потым правялі сваю першую касьмічную прэсавую канфэрэнцыю і адказалі на пытаньні амэрыканскіх тэлеканалаў.

Астранаўтка Крысьціна Кох прызналася, што менавіта ёй давялося займацца рамонтам бартавога туалету, і дадала: «Люблю казаць, што [вантуз] — гэта найбольш важны інструмэнт у космасе». Яна патлумачыла, што пасьля некаторых непаладак цяпер гэты вузел ужо працуе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG