Сярод абвінавачаных — адзін грамадзянін Беларусі, паведамляе Польскае радыё. Паводле сьледзтва, менавіта ён падпаліў краму OBI ў Варшаве ў красавіку 2024 года, выкарыстаўшы прыладу для дыстанцыйнага ўзгараньня. Свой учынак ён таксама здымаў на тэлефон, а відэа пазьней зьявілася на расейскіх прапагандысцкіх рэсурсах. Шкода ад пажару склала больш за 3,5 млн злотых (1 млн даляраў ЗША).
Усяго ў справе фігуруюць пяць чалавек — чацьвёра грамадзян Украіны і адзін беларус. Іх падазраюць у арганізацыі і выкананьні сэрыі падпалаў у розных краінах Эўропы, у тым ліку ў Польшчы, Літве і Латвіі.
Польскія сьледчыя лічаць, што група дзейнічала каардынавана і магла быць зьвязаная з расейскімі спэцслужбамі. Пры гэтым частка ўдзельнікаў фіксавала падпалы на відэа і перадавала матэрыялы заказчыкам.
Абвінавачаным пагражаюць суровыя пакараньні — ад некалькіх гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня, у залежнасьці ад канчатковай кваліфікацыі злачынстваў.