Савет Рэспублікі 2 красавіка ўхваліў законапраект «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці», паведамляе БелТА. Новы законапраект уводзіць новыя склады правапарушэньняў.
«Агулам у КаАП уведзена 9 новых артыкулаў, 43 новых складаў адміністрацыйных правапарушэньняў, у дзейныя склады ўнесеныя 73 карэкцыі», — паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі.
У краіне плянуюць увесьці адказнасьць за так званую «прапаганду гомасэксуальных адносін, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі». Розныя паняткі і зьявы выстаўляюцца ўладамі ў адным пераліку.
Для парушальнікаў прадугледжаныя штрафы:
- фізычныя асобы: да 20 базавых велічынь (цяпер 45 рублёў);
- індывідуальныя прадпрымальнікі: да 100 б. в.;
- юрыдычныя асобы: ад 100 да 150 б. в.
Калі ж сілавікі палічаць, што з такой інфармацыяй пазнаёміўся непаўналетні, пакараньне ўзмацняецца: акрамя павялічаных штрафаў, грамадзянам будуць пагражаць грамадзкія работы або адміністрацыйны арышт.
Акрамя таго, законапраект прадугледжвае адказнасьць за «незаконнае прадстаўленьне Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах».
Гэта можа пагражаць розным беларускім цэнтрам, прадстаўніцтвам, суполкам дыяспары і асобным людзям, якія выказваюцца не ад ім дзяржавы. Дакладнай фармулёўкі гэтага пункту чыноўнікі пакуль людзям не паказалі.
Кодэкс канчаткова абновяць, калі свой подпіс пад дакумэнтам паставіць Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прызнаюць, што я сямейнік Лёшы». Працяг гісторыі легалізацыі аднаполай беларуска-расейскай пары ў БаўгарыіВытокі праекту і ацэнка ад праваабаронцаў
Кампанію супраць так званай «прапаганды ЛГБТ» ініцыявалі раней у сьвятарскім асяродку. Яшчэ 9 сакавіка 2020 году кіраўнік фонду «Адкрытыя сэрцы» Ўладзіслаў Валаховіч, духоўнік Сьвята-Елізавецінскага манастыра протаярэй Андрэй Лемяшонак і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правялі ў Менску прэс-канфэрэнцыю, на якой расказалі пра меркаваньні, якімі кіраваліся.
Пазьней праект стаў праходзіць новыя стадыі, зьбіраліся подпісы вернікаў і іншых грамадзян. Неўзабаве ўлады зьвярнулі большую ўвагу на кампанію, адбылося гэта на тле падобнага закону, які ўвайшоў у моц у суседняй Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прафіляктыка ВІЧ, сэмінары аб гендэрнай роўнасьці, ЛГБТ-сьцяг» — што вернікі прапануюць зрабіць крымінальным злачынствамУ 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.
Дзеяньні ўладаў праўнікі праваабарончых арганізацый разглядалі як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў». На іх думку, забарона на «фармаваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».
Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю праваабаронцы назвалі «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».