У інтэрвію літоўскаму тэлеканалу TV3 у сераду 1 красавіка кіраўнік літоўскай дзяржавы Гітанас Наўседа адказаў на пытаньне аб перамовах наконт магчымага дыялёгу Літвы зь Менскам, паведамляе Delfi.lt.
«А пры наяўнасьці рэкорднага патоку нелегальных мігрантаў на нашай мяжы ў апошнія дні або пастаянных атаках з выкарыстаньнем балёнаў ці сапраўды мы павінны зараз гаварыць і прасіць суседні рэжым аб індульгенцыі на сустрэчу?» — так ён пракамэнтаваў заклік да Літвы правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь Беларусьсю і аднавіць транзыт угнаеньняў, пра што казаў спэцыяльны прадстаўнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл.
Як заявіў Гітанас Наўседа, Літва павінна выставіць Беларусі ўмовы для магчымага дыялёгу.
«Калі менскі рэжым праявіць добрую волю, напрыклад, спыніць плынь мэтэазондаў з кантрабандай у Літву і нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу, то можна будзе разгледзець пытаньне аб палітычных перамовах паміж дзяржавамі», — піша Delfi.
Умовы, якія існуюць на гэты момант, вельмі далёкія ад тых, якія можна было б прадставіць для пачатку дыялёгу, — сказаў Наўседа.
Адказваючы на пытаньне аб магчымасьці аднаўленьня транзыту беларускіх угнаеньняў церазь Літву, прэзыдэнт Літвы нагадаў, што абмежаваньні на перавозку ўгнаеньняў зьвязаны з санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу. Таму, на думку Наўседы, Літва павінна быць адзінай з ЭЗ у гэтым пытаньні і не прымаць рашэньня самастойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва ўжо прызначыла чалавека для перамоваў зь Беларусью, — прэм’ер-міністарка РугіненеПрэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене раней заявіла, што ўжо прызначаны чалавек для двухбаковых перамоваў зь Беларусьсю, але для іх беларускаму боку трэба выканаць умовы, якія літоўскі бок агучваў раней.
«Мы, безумоўна, маглі б правесьці гэтую сустрэчу, у нас ёсьць адказны чалавек, прызначаны для гэтага, але мы выразна паслалі сыгнал як нашым стратэгічным партнэрам, так і ўсяму грамадзтву, што мы маем і пэўныя ўмовы. Ня можа быць так, што адзін бок рыхтуецца, а другі бок нічога ня робіць», — цытуе Ругінене LRT.
Раней яна заяўляла, што Літва мае некалькі ўмоваў для Менску — мэтэаралягічныя балёны, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, не павінны пралятаць церазь мяжу; усе літоўскія фуры, затрыманыя ў Беларусі павінны быць вернуты без дадатковых выплат; Беларусь не павінна дазваляць мігрантам з трэціх краін незаконна перасякаць мяжу зь Літвой.
«Пасьля выкананьня асноўных умоваў, я думаю, мы можам разгледзець некаторыя крокі наперад з нашага боку», — сказала Ругінене.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літве і Эўропе варта таргавацца з Трампам наконт транзыту беларускіх угнаеньняў, — палітоляг ПянькоўскіУ інтэрвію LRT на мінулым тыдні спэцыяльны пасланьнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл заклікаў Літву правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь беларускім бокам, каб аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў церазь Літву. Паводле Коўла, сустрэча магла б адбыцца на ўзроўні намесьнікаў міністраў. Ён таксама падкрэсьліў, што перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам павінны праводзіцца без «папярэдніх умоваў».
Аднак Ругінене тады заявіла, што ня бачыць ніякай добрай волі з боку афіцыйнага Менску, і падкрэсьліла, што ЗША ніколі не патрабавалі ад Літвы аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў церазь Літву.
«Амэрыканцы ніколі не падымалі пытаньня транзыту ўгнаеньняў. І пакуль амэрыканцы не падымуць гэтага пытаньня, мне здаецца, што нам сапраўды заўчасна разглядаць яго тут, у Літве», — цытавала LRT кіраўніцу літоўскага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі паведамілі, што тысяча грузавікоў можа выехаць у Літву і Польшчу. За іх аплацілі паслугі захоўваньняПрэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Варанкоў у сакавіку заявіў, што ўлады ў Менску гатовыя абмяркоўваць зь Літвой «любыя праблемныя пытаньні безь якіх-небудзь папярэдніх умоваў».
30 сакавіка літоўскія памежнікі паведамілі, што ў Літву вярнуўся 331 раней затрыманы ў Беларусі грузавік. Паводле афіцыйнага Менску, на прымусовай стаянцы ў Беларусі былі больш як 1900 літоўскіх цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. Літоўскія перавозьнікі 24 сакавіка пачалі забіраць свае фуры зь Беларусі, дзе яны знаходзіліся з канца кастрычніка 2025 году.
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.