BBC расцэньвае прызнаньне свайго сайту ў Беларусі «экстрэмісцкім» крыміналізацыяй незалежнай журналістыкі

BBC

Пра «глыбокую занепакоенасьць» унясеньнем уладамі Беларусі сайту расейскай службы BBC у сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» заявіла прэсавая служба згаданай брытанскай мэдыякарпарацыі.

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У заяве прэсавай службы брытанскай мэдыякарпарацыі адзначаныя перасьцярогі за наступствы для «соцень тысяч жыхароў Беларусі, якія кожны тыдзень зьвяртаюцца да ВВС у пошуках гэтак неабходнай ім дакладнай і бесстароннай інфармацыі».

У карпарацыі заявілі, што «адпрэчваюць гэты крок беларускіх уладаў, які закліканы крыміналізаваць незалежную журналістыку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 30 сакавіка. «Экстрэмісцкім» у Беларусі прызналі сайт BBC, на якім некалькі разоў выходзілі інтэрвію з Лукашэнкам

«ВВС зьяўляецца самай дакладнай крыніцай міжнародных навінаў у сьвеце, і мы застаемся адданымі нашай аўдыторыі ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Аб тым, што суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» зьмест інтэрнэт-парталу карпарацыі ВВС стала вядома 30 сакавіка.

У адпаведны сьпіс Міністэрства інфармацыі ўключылі сайт «BBC News Расейская служба», пры гэтым у якасьці ідэнтыфікатара ў пераліку пазначаны галаўны партал мэдыя bbc.com.