Сьцісла
- Важным чыньнікам інтэграцыі стала імкненьне Лукашэнкі стаць прэзыдэнтам аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы.
- Сувэрэнітэт Беларусі ён быў гатовы абмяняць на найвышэйшую пасаду ў Крамлі.
- Пасьля падзеяў 2020 году залежнасьць Беларусі ад Расеі ўва ўсіх сфэрах рэзка ўзрасла.
- Для рэжыму Лукашэнкі палітыка інтэграцыі з РФ ня мае альтэрнатываў.
- Хаўрус дзьвюх дзяржаваў ператвараецца ў асабістую унію дыктатараў.
Прычыны інтэграцыі
Калі пачалася беларуска-расейская інтэграцыя? Пытаньне не такое простае. Пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі існавала шмат чыньнікаў, якія абумоўлівалі цесны саюз з Расеяй. Акрамя моцнай эканамічнай залежнасьці ад усходняга суседа, прарасейскі вэктар замежнай палітыкі Беларусі тлумачыўся таксама сацыякультурнымі фактарамі, скіраванасьцю ў той бок беларускай грамадзкай думкі й масавай сьвядомасьці. У пэўным сэнсе можна казаць, што расеяцэнтрызм пачатку 1990-х гадоў — гэта комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці. Сярод беларусаў, у тым ліку ў асяродзьдзі эліты, было шырока распаўсюджана ўяўленьне, што без падтрымкі з боку Масквы мы загінем. Таму яшчэ да прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ўрад Вячаслава Кебіча падпісаў з урадам Расеі дамову пра аб’яднаньне грашовых сыстэмаў.
Расеяцэнтрызм пачатку 1990-х гадоў — гэта комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці беларусаў
Вельмі хутка пасьля заваёвы Лукашэнкам улады ў палітычнай кампаніі пад назвай «беларуска-расейская інтэграцыя» зьявіўся яшчэ адзін вельмі важны падтэкст і моцны рухавік. З 1995 году пачаў падспудна праглядацца, а з кожным месяцам усё выразьней выяўляцца плян, які шмат каму здаваўся фантастычным. У Лукашэнкі ўзьнікла гарачае жаданьне стаць прэзыдэнтам абʼяднанай беларуска-расейскай дзяржавы. Можна сказаць, што заваёва крамлёўскага пасаду стала яго ідэфіксам, і замежная (і пераважна ўнутраная) палітыка Беларусі была ў значнай меры падпарадкаваная рэалізацыі гэтай ідэі.
Лукашэнка гатовы быў на своеасаблівы бартэрны абмен: сувэрэнітэт сваёй дзяржавы абмяняць на найвышэйшую пасаду ў Крамлі. Такім чынам Расея, акрамя ўсяго іншага, ператварылася ў прастору для рэалізацыі яго грандыёзных славалюбных плянаў.
У адносінах да праблемы сувэрэнітэту Беларусі, беларускай дзяржаўнасьці заявы Лукашэнкі былі вельмі двухсэнсоўныя, супярэчлівыя, нават узаемавыключальныя — у залежнасьці ад аўдыторыі, палітычнай каньюнктуры. Ён заблытваў грамадзтва і, здаецца, заблытаўся сам, пэрыядычна заяўляючы то аб непахіснасьці незалежнасьці Беларусі, то аб імкненьні да абʼяднаньня з Расеяй у адзіную дзяржаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Запытайся ў Дубаўца. Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня з Расеяй, пра беларускую нацыянальную ідэю і эўрапейскія каштоўнасьціЛукашэнка сьпяшаўся
Кіраўнік Беларусі настойліва імкнуўся фарсаваць працэс абʼяднаньня, каб пасьпець да расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 16 чэрвеня 1996 года. Ён хацеў у іх паўдзельнічаць, уважаючы, што мае рэальныя шанцы стаць прэзыдэнтам беларуска-расейскай дзяржавы. На фоне старога, хворага, непапулярнага Барыса Ельцына малады, энэргічны, харызматычны Аляксандр Лукашэнка глядзеўся выйгрышна.
Лукашэнка відавочна сьпяшаўся. Але расейскі прэзыдэнт, угледзеўшы амбіцыйныя намеры свайго беларускага калегі, усяляк тармазіў працэс інтэграцыі.
Да сакавіка 1996 году, за тры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, каманда Ельцына вырашыла, што кампанія інтэграцыі зь Беларусьсю дазволіць яму атрымаць дадатковыя галасы выбарнікаў. Каб супрацьстаяць камуністам, Ельцыну трэба было тэрмінова сфармаваць вобраз інтэгратара постсавецкай прасторы. Праект беларуска-расейскай інтэграцыі перайшоў у стадыю практычнай рэалізацыі.
У Лукашэнкі былі свае разьлікі. Старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі ўзгадваў, што на асабістае заданьне Лукашэнкі быў падрыхтаваны дакумэнт аб стварэньні адзінай дзяржавы, а ня нейкага міждзяржаўнага ўтварэньня. Зь ім прэзыдэнт Беларусі і паехаў у Маскву.
Ельцын і Лукашэнка адзначаюць падпісаньне дамовы пра стварэньне Садружнасьці Беларусі і Расеі чаркай гарэлкі. Масква, 2 красавіка 1996 году
Здарыўся аблом
Вярнуўся Лукашэнка ў сьвяточным настроі і адразу ж падзяліўся зь беларускімі тэлегледачамі сваёй радасьцю. Яны зь Ельцыным сем гадзін вялі перамовы і дамовіліся «аб утварэньні саюзнай дзяржавы», стварэньні наднацыянальных органаў (у прыватнасьці, ураду), рашэньні якіх будуць мець абавязковы характар. Ці то ён сапраўды так зразумеў сэнс дамоўленасьцяў, ці то прыняў жаданае за сапраўднае. Асаблівую ўвагу прэзыдэнт Беларусі надаў урачыстай цырымоніі падпісаньня дамовы, якая павінна прайсьці «з удзелам расейскага і беларускага народаў, адкрыта, магчыма, на плошчы».
Гэтая заява мела два наступствы. На заклік апазыцыі, найперш БНФ, у Менску на вуліцу выйшлі каля 30 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці, што стала пачаткам «гарачай палітычнай вясны». Гэта былі самыя масавыя пратэсты ў гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі, не зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі.
Абодва бакі так сьпяшаліся, што падпісалі недапрацаваны дакумэнт, і гэта пацягнула за сабой шэраг казусаў і непаразуменьняў
А на наступны дзень Ельцын быў вымушаны дэзавуяваць свайго беларускага хаўрусьніка, прычым у ня вельмі ветлівай форме: «Пра стварэньне адзінай дзяржавы зь Беларусьсю пытаньне не стаіць. Проста нехта нешта пераблытаў».
Дамову аб стварэньні Садружнасьці Беларусі і Расеі падпісалі 2 красавіка 1996 года сапраўды ўва ўрачыстай абстаноўцы. Аднак гэта аказалася ўсяго толькі міждзяржаўным саюзам. У праўным сэнсе гэта была дэклярацыя аб намерах, якая не прадугледжвала мэханізмаў рэальнага абʼяднаньня дзьвюх дзяржаваў. Да шчыльнейшай інтэграцыі Ельцын у той момант ня быў гатовы.
Абодва бакі так сьпяшаліся, што падпісалі недапрацаваны дакумэнт, і гэта пацягнула за сабой шэраг казусаў і непаразуменьняў. Напрыклад, на ўрачыстай цырымоніі абодва прэзыдэнты па-рознаму называлі тую міждзяржаўную структуру, якая стваралася. Пасьля падпісаньня дамовы яна не была апублікаваная, бо працоўная група працягвала яе дапрацоўваць.
Цягнік расейскай выбарчай кампаніі набіраў хуткасьць, а Лукашэнка застаўся стаяць на плятформе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
30 гадоў пачатку «Менскай вясны». Як праходзіў Дзень Волі — 1996Супярэчлівы хаўрус
За 30 гадоў пасьля тых падзеяў у працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі здарылася шмат чаго. У 1997 годзе была падпісаная дамова аб стварэньні Саюзу Беларусі і Расеі. А ў 1999 годзе заключаная дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Але гэта было потым. А вось дамова ад 2 красавіка 1996 году аб утварэньні супольнасьці задала юрыдычныя, палітычныя рамкі для далейшай хады беларуска-расейскай інтэграцыі. Праз год гэтую дату абвесьцілі «Днём адзінства народаў Беларусі і Расеі».
Потым працэс інтэграцыі амаль на 20 гадоў паставілі на паўзу. За гэты час паміж саюзьнікамі здараліся даволі вострыя канфлікты. Былі «нафтавыя», «газавыя», «малочныя» войны, якім спадарожнічалі ўзаемныя інфармацыйныя атакі.
Можна ўзгадаць, што ў 2018 годзе Расея выставіла ўльтыматум: або Беларусь пагаджаецца на «паглыбленьне» інтэграцыі, або РФ адмаўляецца далей субсыдаваць беларускую эканоміку. Канфлікт цягнуўся два гады, пакуль ня здарыліся падзеі 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
20 гадоў размоваў пра інтэграцыю Расеі і Беларусі. Што адбываеццаНовы этап інтэграцыі
Пасьля масавых пратэстаў пяцігадовай даўніны падтрымка Расеі стала ключавой умовай утрыманьня Лукашэнкам улады. Таму цяпер палітыка шчыльнага саюзу з РФ для яго ня мае альтэрнатываў.
Вынікам гэтага стаў новы этап інтэграцыі. Залежнасьць Беларусі ад Расеі ўва ўсіх сфэрах рэзка ўзрасла, што вядзе да абмежаваньня сувэрэнітэту беларускай дзяржавы, рэзкага звужэньня свабоды манэўру афіцыйнага Менску.
Фармальным адлюстраваньнем такога працэсу сталі 28 «саюзных праграмаў», зацьверджаных у 2021 годзе. Яны ахопліваюць такія сфэры, як падаткі, мытня, банкаўская сыстэма, энэргетыка, прамысловасьць і інш. За апошнія 3 гады доля Расеі ў замежнагандлёвым абароце Беларусі вырасла прыкладна з 50 да 70 працэнтаў.
Асабліва вялікая залежнасьць назіраецца ў вайсковай галіне. У Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй заключана каля 35 міжнародных дамоваў, накіраваных на каардынацыю сумеснай дзейнасьці ў вайсковай сфэры. Больш за 40 дамоваў рэгулююць вайскова-тэхнічную супрацу дзьвюх дзяржаваў. Ствараецца інфраструктура для разьмяшчэньня на беларускай тэрыторыі расейскай ядзернай зброі і ракетнага балістычнага комплексу «Арэшнік». Лукашэнка быў вымушаны падтрымаць поўнамаштабную расейскую агрэсію супраць Украіны.
Узмацняецца ўплыў Расеі ў інфармацыйнай сфэры Беларусі. Усе беларускія дзяржаўныя СМІ паўтараюць расейскія прапагандысцкія наратывы. У выніку грамадзтва Беларусі прымушаюць жыць у рамках ідэалёгіі «русскога мира».
Увогуле ня толькі палітычны рэжым, але і створаная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль могуць выжыць толькі пры ўмове падтрымкі з боку Расеі. Бяз танных расейскіх энэргарэсурсаў, фінансавага падсілкоўваньня яна б не змагла доўга існаваць.
Камунікацыя паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным стала рэгулярнай і інтэнсіўнай. Хаўрус Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабістую унію дыктатараў.