Трамп заявіў, што сур’ёзна разглядае магчымасьць выхаду краіны з NATO

Марка Рубіё і Дональд Трамп

Як паведаміла газэта The Telegraph 1 красавіка, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што сур’ёзна разглядае магчымасьць выхаду краіны з NATO. У інтэрвію Трамп назваў альянс «папяровым тыграм».

«NATO ніколі не ўплывала на мяне. Я заўсёды ведаў, што яны папяровы тыгр, і Пуцін, дарэчы, таксама гэта ведае», — сказаў Трамп.

Напярэдадні Трамп рэзка скрытыкаваў Францыю і Вялікую Брытанію, двух найбліжэйшых саюзьнікаў Злучаных Штатаў, за тое, што яны не падтрымалі ЗША ў вайне ў Іране. Прэзыдэнт ЗША заявіў: «Ідзіце і здабывайце сваю ўласную нафту!» і «Пачніце вучыцца змагацца за сябе».

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр адказаў на крытыку Трампам Брытаніі і іншых саюзьнікаў па NATO.

«Які б ціск ні аказваўся на мяне і іншых, які б шум ні рабіўся, я буду дзейнічаць у нацыянальных інтарэсах Вялікай Брытаніі ва ўсіх рашэньнях, якія я прымаю. І таму я абсалютна выразна заявіў, што гэта ня нашая вайна, мы ня будзем у яе ўцягвацца», — сказаў Стармэр на прэсавай канфэрэнцыі ў Лёндане 1 красавіка.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што «фінішная рыса» ў вайне з Іранам ужо блізка, і пасьля заканчэньня канфлікту Злучаным Штатам давядзецца «перагледзець» свае адносіны з NATO пасьля таго, як шэраг эўрапейскіх краін адмовіліся падтрымаць Злучаныя Штаты ў баявых дзеяньнях.

Рубіё заявіў у інтэрвію шоў Hannity на канале Fox News, што «вядуцца перамовы» аб спыненьні вайны, з магчымасьцю «непасрэднай сустрэчы ў нейкі момант».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пэзэшкіян заявіў, што ў Ірану ёсьць воля да міру, ён спадзяецца, што пагадненьне з ЗША і Ізраілем «набліжаецца»

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян позна ўвечары 31 сакавіка заявіў, што ягоная краіна мае «неабходную волю» спыніць канфлікт са Злучанымі Штатамі і Ізраілем пры ўмове выкананьня такіх умоў, як гарантыі бясьпекі. На мінулым тыдні Злучаныя Штаты заявілі, што прапанавалі плян з 15 пунктаў, які ўключае ў сябе дэмантаж ядзерных аб’ектаў Ірану, абмежаваньне ракетных магчымасьцяў і спыненьне падтрымкі рэгіянальных «проксі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 31 сакавіка сказаў, што баявыя дзеяньні могуць скончыцца праз два-тры тыдні.

Далей Злучаныя Штаты плянуюць заняцца пытаньнямі сваіх дачыненьняў з Паўночнаатлянтычным альянсам. Як адзначыў Рубіё, «на жаль», адміністрацыі Трампа давядзецца «перагледзець каштоўнасьць NATO і гэтага альянсу» для Злучаных Штатаў.

Рубіё і іншыя амэрыканскія чыноўнікі раней сумняваліся ў каштоўнасьці альянсу, калі Злучаныя Штаты ня могуць свабодна выкарыстоўваць базы ў краінах NATO для абароны ўласных інтарэсаў. Перад гэтым Гішпанія і Італія — краіны NATO — не дазволілі амэрыканскім вайсковым самалётам выкарыстоўваць свае авіябазы для апэрацыі ў Іране.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У NATO назвалі Беларусь у кантэксьце пагрозаў з боку Расеі для бясьпекі краін альянсу

Некалькі эўрапейскіх саюзьнікаў у сакавіку адмовіліся непасрэдна ўмешвацца ў канфлікт, у выніку якога ЗША і Ізраіль штодня наносяць авіяўдары па Іране. Тэгеран адказаў ракетнымі пускамі і запускамі бесьпілётнікаў па цэлях на Блізкім Усходзе.

Іран таксама дэ-факта заблякаваў Армускую пратоку, ключавы водны шлях, які выкарыстоўваецца для транспартаваньня каля 20% сусьветнай нафты і газу. Іранскія войскі нанесьлі ўдары па некалькіх суднах, нягледзячы на тое, што раней зазналі авіяўдараў, якія зьнізілі ваенны патэнцыял краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Саудаўскай Арабіі ў выніку іранскіх абстрэлаў параненыя вайскоўцы ЗША. Хусіты ўступілі ў вайну на баку Ірану

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.