Лукашэнка пра мэту вайсковых вучэньняў у Беларусі: «Мы рыхтуемся да вайны»

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі аб выніках комплекснай праверкі Ўзброеных сілаў Беларусі. 1 красавіка 2026 году

Аляксандар Лукашэнка запрасіў на нараду больш за 300 вайскоўцаў, каб абмеркаваць вынікі комплекснай праверкі Ўзброеных сілаў Беларусі.

«Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць. І калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца, і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта», — працытавала Аляксандра Лукашэнку яго прэсавая служба.

Паводле яго, у часе вучэньняў стваралі максымальна блізкія да рэальных выклікаў умовы. «Я б яшчэ больш дакладна сказаў — [блізкія] да вайны. Без скідак на надвор’е, пару дня і іншыя чыньнікі, якія ўскладняюць выкананьне баявых задач», — дадаў ён.

Лукашэнка перакананы, што безальтэрнатыўнай гарантыяй міру і бясьпекі дзяржавы ёсьць «зараджанасьць Узброеных сілаў на адбіцьцё ворага, гатоўнасьць імгненна рэагаваць на ўсякі агрэсіўны рух у бок нашых рубяжоў».

«Ніякага мірнага часу быць ня можа. Мы рыхтуемся да вайны. І ў гэтай аўдыторыі, і ня толькі ў гэтай, людзі павіны разумець — мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя сілы. Таму што мы ведаем, што такое вайна», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка зноў паўтарыў, што ня хоча вайны. «Але армія для таго і прызначаная: калі раптам нехта вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэл зброі — мы адкажам. Да гэтага мы рыхтуемся», — заявіў ён.

Комплексная праверка Ўзброеных сілаў Беларусі пачалася сёлета 16 студзеня і завяршылася толькі вясной.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі амаль безь перапынку абвяшчаюць і праводзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абвешчаная Лукашэнкам раптоўная праверка Ўзброеных сіл Беларусі будзе праходзіць да вясны