Хроніка перасьледу 1 красавіка: асудзілі прадстаўніка ювэлірнага брэнду Belaruskicry

Сьледчы камітэт. Менск, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Супрацоўніцу Ўнівэрсытэту культуры асудзілі ў палітычнай справе

Жыхарку Менску Натальлю Дзядзюлю асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне варожасьці»), а таксама частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Жанчыну пакаралі «хатняй хіміяй», дакладны тэрмін невядомы. Доўгі час Натальля працавала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў (БДУКМ), піша «Наша Ніва».

Асудзілі стваральніка ювэлірнага брэнду Belaruskicry Бужылава

Чатыры гады «хіміі» прызначылі аднаму з супрацоўнікаў брэнду ўпрыгажэньняў Belaruskicry, паведаміла ўпраўленьне Сьледчага камітэту Беларусі ў Менску. Паводле СК, вынесены вырак у «крымінальнай справе аб кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем».

Маецца на ўвазе брэнд упрыгажэньняў Belaruskicry, супрацоўніка якога затрымалі ў Менску летам мінулага году. Гаворка, пэўна, пра Ягора Бужылава, якога паказалі ў рэпартажы дзяржаўнай тэлевізіі за кратамі і дапытваў якога дзяржаўны прапагандыст Ігар Тур. Паводле Тура, брэнд абвінавацілі ў «тэрарызьме» і «экстрэмізьме».

Самае вядомае упрыгажэньне брэнду — кулён у выглядзе контуру Беларусі зь сьлязой.

Матэрыялы крымінальнай справы на іншых удзельнікаў вылучаныя ў асобнае вядзеньне і абʼяўлены іх вышук, піша УСК у горадзе Менску.

26 ліпеня 2025 году стала вядома, што ювэлірны брэнд Belaruskicry у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

27 жніўня дзяржаўная тэлевізія паведаміла пра затрыманьне аднаго з удзельнікаў каманды брэнду — дырэктара вытворчасьці Ягора Бужылава. У сюжэце яго паказалі за кратамі, падобна, у ізалятары.

У сюжэце назвалі іншых людзей, зьвязаных з брэндам, і паказалі кадры зь іншымі нібыта «ўдзельнікамі схемы», якіх абвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве і нясплаце падаткаў.

Прапагандысты паказалі Ягора Бужылава за кратамі. Відэа датуецца 29 ліпеня. Падобна, яго зьнялі схаванай камэрай. Як вынікае з словаў прапагандыста Ігара Тура, сярод іншага, Бужылава абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмізму» (арт. 361-2 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 26 сакавіка: заснавальніка парталаў арэнды жытла асудзілі ў палітычнай справе

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».