Улады ўводзяць плату з грузавікоў за «камфортны выезд» зь Беларусі

Грузавікі ў чарзе на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота

Раней урад Беларусі увёў аналягічную плату зь легкавых аўтамабіляў.

Пастановай ураду Беларусі «Аб сыстэме электроннай чаргі транспартных сродкаў у пунктах пропуску і запэўненьні памежнай бясьпекі», апублікаванай 1 красавіка на Нацыянальным праўным партале, уводзяць плату за рэзэрваваньне даты ўезду на пункт пропуску, каб выехаць з краіны:

«31,5 базавай велічыні, у тым ліку падатак на даданую вартасьць, за кожны грузавы транспартны сродак пры рэзэрваваньні даты ўезду ў аўтадарожны пункт пропуску празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам, транспартныя фірмы павінны заплаціць 1417,5 беларускага рубля за адзін транспартны сродак, калі хочуць больш хуткага і камфортнага выезду зь Беларусі.

Гэтыя сродкі ўрад будзе разьмяркоўваць паміж апэратарамі зонаў чаканьня «ў мэтах забесьпячэньня функцыянаваньня сыстэмы электроннай чаргі ў зонах чаканьня — у памеры 60 працэнтаў ад памеру платы». Дзяржаўнаму памежнаму камітэту дзеля «ўдасканаленьня матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэньня» пойдзе 10% платы.

Раней урад увёў аналягічную плату зь легкавых аутамабіляў. Цяпер яна складае 697,5 рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Горадзенская вобласьць зноў увяла збор за перасячэньне мяжы — па 37 рублёў за машыну

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта як ваеннае становішча». Хто ў Беларусі найбольш пацярпеў ад закрыцьця мяжы Эўразьвязу