У Беларусі ў раёнцы будзе «працаваць» першы журналіст, створаны штучным інтэлектам. Што ён будзе рабіць

Віртуальны журналіст «Крычаўскага жыцьця» Яфім Марцінавіч

Раённае выданьне «Крычаўскае жыцьцё» паведаміла аб далучэньні да працы журналіста, створанага пры дапамозе штучнага інтэлекту.

«У Крычаўскай рэдакцыі два новыя супрацоўнікі: рэальны чалавек — цудоўная Яна, і Яфім Марцінавіч — створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту», — сказана ў відэазапісе, які выданьне апублікавала 31 сакавіка.

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі ўдакладнілі, што першы ў Беларусі віртуальны журналіст Яфім Марцінавіч возьме на сябе блёк навінаў у Tik-Tok, а таксама плянуе сябе рэалізаваць як інтэрвіюера.

«Гасьцей ужо чакаюць у студыі», — сказана ў паведамленьні ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Робат-асыстэнт Алена. У Беларусі сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачалі выкарыстоўваць ШІ

Летась у Беларусі ўсё часьцей пачалі выкарыстоўваць магчымасьці штучнага інтэлекту. У жніўні 2025 году стала вядома, што сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачала працаваць робат-асыстэнтка Алена, створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту.

У кастрычніку паведамілі, што ў Менску рынкавы кошт кватэраў будзе ацэньваць штучны інтэлект.

Перад гэтым, у красавіку 2025-га, разьвіцьцё штучнага інтэлекту ўключылі ў прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі на 2026–2030 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Акадэміі навук высьвятлялі, ці можна размаўляць па-беларуску з штучным інтэлектам