«Мы, безумоўна, маглі б правесьці гэтую сустрэчу, у нас ёсьць адказны чалавек, прызначаны для гэтага, але мы выразна паслалі сыгнал як нашым стратэгічным партнэрам, так і ўсяму грамадзтву, што мы маемі пэўныя ўмовы. Ня можа быць так, што адзін бок рыхтуецца, а другі бок нічога не робіць», — цытуе Ругінене LRT.
Раней яна заяўляла, што Літва мае некалькі ўмоваў для Менску — мэтэаралягічныя балёны, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, не павінны пралятаць праз мяжу, усе літоўскія фуры, затрыманыя ў Беларусі павінны быць вернуты без дадатковых выплат, і Беларусь не павінна дазваляць мігрантам з трэціх краін незаконна перасякаць мяжу зь Літвой.
«Пасьля выкананьня асноўных умоваў, я думаю, мы можам разгледзець некаторыя крокі наперад з нашага боку», — сказала Ругінене.
У інтэрвію LRT на мінулым тыдні спэцыяльны пасланьнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл заклікаў Літву правесьці двухбаковую палітычную сустрэчу зь беларускім бокам, каб аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў празь Літву. Паводле Коўла, сустрэча магла б адбыцца на ўзроўні намесьнікаў міністраў. Ён таксама падкрэсьліў, што перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам павінны праводзіцца без «папярэдніх умоваў».
Аднак Ругінене тады заявіла, што ня бачыць ніякай добрай волі з боку афіцыйнага Менску, і падкрэсьліла, што ЗША ніколі не патрабавалі ад Літвы аднаўленьня транзыту ўгнаеньняў празь Літву.
«Амэрыканцы ніколі не ўздымалі пытаньне транзыту ўгнаеньняў. І пакуль амэрыканцы ня ўздымуць гэтага пытаньня, мне здаецца, што нам сапраўды заўчасна разглядаць яго тут, у Літве», — цытавала LRT кіраўніцу літоўскага ўраду.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 27 сакавіка заявіў, што дыялёг можа адбывацца толькі тады, калі «іншы бок дэманструе добрую волю ў разьвіцьці суседзкіх адносінаў». Аднак цяпер ён гэткай «добрай волі» з боку Беларусі ня бачыць.
Паводле LRT, ён таксама падкрэсьліў, што пытаньне санкцыяў супраць Беларусі вырашаецца на эўрапейскім узроўні.
«Найперш хачу зьвярнуць увагу, і я сказаў гэта ўпаўнаважанаму, што пытаньне ўгнаеньняў вырашаецца на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Зусім нядаўна санкцыі былі падоўжаныя яшчэ на 12 месяцаў, яны былі ўведзеныя значна раней і зьвязваюцца ня столькі зь цяперашнімі гібрыднымі атакамі, колькі з парушэньнямі правоў чалавека, зь незаконнымі прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году. І, безь ніякага сумневу, з рэальным de facto ўдзелам Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», — заявіў ён.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў у той жа дзень заявіў, што ўлады ў Менску гатовыя абмяркоўваць зь Літвой «любыя праблемныя пытаньні безь якіх-небудзь папярэдніх умоваў».
«Гэта базавы прынцып, які зразумелы ўсім, у тым ліку нашым партнэрам за акіянам: нядаўні візыт спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла гэта наглядна пацьвердзіў.
Штучныя ж ультыматумы, якія спрабуе вылучаць Вільня, ня маюць нічога агульнага ні з добрасуседзтвам, ні з нармальнай дыпляматычнай практыкай», — гаворылася ў заяве.
30 сакавіка літоўскія памежнікі паведамілі, што ў Літву вярнуўся 331 раней затрыманы ў Беларусі грузавік. Паводле афіцыйнага Менску, на прымусовай стаянцы ў Беларусі былі больш як 1900 літоўскіх цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. Літоўскія перавозьнікі 24 сакавіка пачалі забіраць свае фуры зь Беларусі, дзе яны знаходзіліся з канца кастрычніка 2025 году.
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.