Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі паведамілі, што ў Літву вярнуўся 331 раней затрыманы ў Беларусі грузавік

Літоўскі памежны пункт пропуску Меднікі. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскі памежны пункт пропуску Меднікі. Ілюстрацыйнае фота

Паводле афіцыйнага Менску, на прымусовай стаянцы ў Беларусі былі больш як 1900 літоўскіх цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.

Як паведаміла агенцтва BNS, праз памежныя пункты Меднікі і Салечнікі ў Літву зь Беларусі з пачатку мінулага тыдня да 30 сакавіка агулам вярнуўся 331 грузавік зь ліку раней затрыманых у Беларусі, паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ) Гедрус Мішуціс.

Праз пункт Меднікі вярнулася 190 грузавікоў, праз Салечнікі — 141.

«Колькі яшчэ літоўскіх грузавікоў вяртаецца, сказаць складана, але іх нямала: прыкладна кожны пяты-шосты грузавік, які ўяжджае ў Літву, — гэта менавіта вызвалены з стаянак», — сказаў Мішуціс BNS.

Паводле прадстаўніка памежнікаў Літвы, з ростам колькасьці транспартных патокаў расьце і час чаканьня на мяжы.

«Чэргі такія ж, як і ў апошнія дні. На памежным пункце Меднікі сёньня раніцай грузавікам давялося б чакаць пяць гадзін, у Салечніках — дзьве гадзіны, але ўсе яны стаяць на пляцоўцы чаканьня, а не на дарозе.

Паводле прадстаўніка САДМ Літвы, большасьць кіроўцаў грузавікоў, якія вяртаюцца зь месцаў затрыманьня, — грамадзяне Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве (294 чалавекі), грамадзян Літвы — 30.

«Ёсьць па адным-два прадстаўнікі зь іншым грамадзянствам — палякі, казахі, латыш, расейцы», — дадаў Мішуціс.

Як паведамляла агенцтва BNS, першыя грузавікі літоўскіх кампаніяў, якія прастаялі каля чатырох месяцаў на спэцыяльных стаянках у Беларусі, перасеклі мяжу раніцай у аўторак на мінулым тыдні.

Зараз памежны камітэт Беларусі паведамляе, што ў чарзе на выезд зь Беларусі ў Каменным Лагу стаяць 280 грузавікоў, а ў пункце пропуску Беняконі — 230.

Паводле афіцыйнага Менску, агулам на пляцоўках у Беларусі стаяла больш за 1900 літоўскіх цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.


Літоўскія перавозьнікі 24 сакавіка пачалі забіраць свае фуры зь Беларусі, дзе яны знаходзіліся з канца кастрычніка 2025 году.

Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.

Беларускі бок ня раз патрабаваў, каб пытаньне разьвязвалася на ўзроўні кіраўнікоў МЗС ці ўрадаў дзьвюх дзяржаваў. У Літве пры гэтым працягвалі фіксаваць прылёты кантрабандных цыгарэт на балёнах зь Беларусі.

17 сакавіка кіраўнік беларускага ўраду Аляксандар Турчын правёў зь літоўскімі перавозьнікамі сустрэчу, на якой заявіў, што Беларусь ня будзе канфіскоўваць літоўскія фуры. Аднак плату за іх спагоніць.

Турчын адзначыў, што беларускі бок «усе чатыры месяцы» прапаноўваў калегам зь Літвы правесьці сустрэчу і перамовы для «ўрэгуляваньня гэтага і іншых пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях». Якраз цягам чатырох месяцаў беларускі бок настойваў на сустрэчы абодвух бакоў на высокім палітычным узроўні.

У Літве гэтую сустрэчу назвалі «прапагандысцкай акцыяй, каб узмацніць ціск на Літву».

Таксама дзеля разьвязаньня сытуацыі з тэхнікай літоўскія перавозьнікі зьвярталіся ў Эўракамісію. Атрымалі адказ, што пытаньне будзе разглядацца.

19 сакавіка, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, спэцыяльны пасланьнік ЗША Джон Коўл заявіў, што «ЗША хацелі б, каб адносіны Літвы і Беларусі палепшыліся». Напярэдадні паездкі ў Беларусь ён сустракаўся з прадстаўнікамі ўраду Літвы.

Ужо 23 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка дазволіў літоўскім грузавікам выехаць.

Нягледзячы на тое, што Літва адкрыла мяжу з 20 лістапада, рэжым Лукашэнкі не дазваляў транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.

XS
SM
MD
LG