«Яны кажуць, што праз два месяцы яны захопяць усход Украіны, захопяць Данбас. І таму ёсьць два месяцы, каб вывесьці войскі. І вайна скончыцца. А калі Украіна ня выведзе войскі, то Расея захопіць Данбас, і тады будуць іншыя ўмовы. Калі яны змогуць захапіць Данбас, яны кажуць, што пазьней пойдуць далей, будуць іншыя ўмовы», — цытуе Зяленскага Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Зяленскі адзначыў, што Ўкраіна гатовая да кампрамісу — «спыненьня агню там, дзе мы стаім».
У інтэрвію агенцтву Reuters, апублікаваным 25 сакавіка, Уладзімір Зяленскі заявіў, што ЗША паставілі Украіне ўмову вываду ўкраінскіх войскаў з Данбасу для атрыманьня гарантый бясьпекі ЗША.
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Кірыл Дзьмітрыеў выказаў задавальненьне тым, што Зяленскі «нарэшце зразумеў, што ЗША дадуць гарантыі бясьпекі Украіне толькі ў тым выпадку, калі Ўкраіна выведзе свае войскі з Данбасу».
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё назваў непраўдзівымі заявы Зяленскага аб тым, што Вашынгтон паставіў Украіне ўмову вываду войскаў з Данбасу для атрыманьня гарантый бясьпекі. У адказ прэзыдэнт Украіны заявіў, што паказаў «вяршыню айсбэрга».
У студзені і лютым адбыліся некалькі раўндаў трохбаковых сустрэч паміж Украінай, ЗША і Расеяй у пытаньні спыненьня вайны. Пра канкрэтныя вынікі не паведамлялася. Аднак у выніку сустрэчы 5 лютага дэлегацыі дасягнулі дамоўленасьці аб абмене ваеннапалоннымі.
Наступная трохбаковая сустрэча, якая была заплянавана на пачатак сакавіка ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі, была адкладзена на нявызначаны тэрмін праз абвастрэньне сытуацыі на Блізкім Усходзе.