Некалькі вызваленых палітвязьняў расказалі Свабодзе, што ім анулявалі пашпарты, зь якімі іх вывезьлі летась зь беларускіх калёній.
Пра тое, што пашпарты анулявалі, экс-палітвязьням у Беларусі, стала вядома 30 сакавіка. Але калі гэта зрабілі органы ўлады, невядома.
Беларус Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, што ягоны беларускі пашпарт зьнянацку перастаў дзейнічаць, хаця некалькі месяцаў пасьля выхаду на волю быў дзейны.
Андрэя вызвалілі і выдварылі зь Беларусі ў групе з паўсотні палітвязьняў летась 11 верасьня. Ён кажа, што пры пасадцы ў аўтобус, якім іх перавозілі празь мяжу, яму не хацелі аддаваць дакумэнты, але ён настойваў і дамогся, каб яму аддалі ягоны пашпарт.
«Я зладзіў кіпіш. Я бачыў, што супрацоўнікі калёніі перадаюць кадэбэшнікам канвэрт. Я зразумеў, што там мае дакумэнты. Я адмаўляўся садзіцца ў аўтобус, пакуль яны не аддадуць мне дакумэнты, крыху сварыўся. Яны і мне нічога не хацелі аддаваць, але ў іх, відаць, было мала часу, за які яны павінныя былі нас адправіць», — успамінае ён, як змагаўся за свой пашпарт.
У ягоным пашпарце тэрмін дзеяньня — да 2031 году. Перад Новым годам мужчына рэгістраваўся на беларускім сайце букмэкерскай канторы праз свой пашпарт — рэгістрацыя прайшла. Па гэтым ён вырашыў, што ягоны пашпарт дзейны.
Ягоны знаёмы палітвязень, расказвае Андрэй, вырашыў праверыць па базе Міністэрства ўнутраных справаў, ці ёсьць ён у вышуку ў Беларусі, а заадно і свой пашпарт. Аказалася, што ў вышуку яго няма, але пашпарт ануляваны.
«Я праверыў свой — мой таксама нядзейны», — кажа Андрэй.
Ён стаў пытацца ў іншых палітвязьняў, і тыя праверылі сябе па базе, — у іх таксама перасталі дзейнічаць пашпарты. Агулам ён ведае каля дзесяці былых палітвязьняў з такой жа сытуацыяй.
Больш ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку з калёніі, Андрэю, зь ягоных словаў, не давалі.
Андрэй мае дазвол на жыхарства ў Літве. Ён кажа, што цяпер будзе рабіць пашпарт іншаземца, бо беларускі цяпер — «проста паперка, сувэнір на памяць, унукам паказваць».
Ён пакуль ня ведае дакладна, якія складанасьці ў яго ўзьнікнуць праз тое, што ягоны пашпарт анулявалі.
Яшчэ некалькі былых палітвязьняў расказалі Свабодзе, што ў іх перасталі дзейнічаць беларускія пашпарты. Пра гэта пішуць і былыя палітвязьні ў сетках, якіх вызвалілі 11 верасьня і 13 сьнежня мінулага году.
Былы палітвязень Ільля Дубскі расказаў Свабодзе, што і ён 30 сакавіка праверыў свой пашпарт па базе і даведаўся, што дзеяньне яго анулявана, а таксама забаронены дазвол на ўезд у Беларусь. Мінулай восеньню пашпарт, паводле базы, быў яшчэ дзейным, адзначае Ільля. Ён мог бы карыстацца дакумэнтам яшчэ амаль год, бо тэрмін яго дзеяньня мелася скончыцца ў 2027 годзе.
Ільля Дубскі
«Можна сказаць, што мяне пазбавілі грамадзянства. Мне ні холадна, ні горача праз тое, што яны гэта зрабілі. Хай вар’ююць там. Так, пэўныя нязручнасьці гэта прынясе», — мяркуе Ільля.
Цяпер хлопец жыве ў Літве, мае дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын.
«Я не магу выехаць бяз гэтага пашпарта ў іншую краіну, прыкладам, зь Літвы ў Польшчу. Калі я буду карыстацца беларускім пашпартам мне як мінімум будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасьць, а можа быць, і крымінальная», — мяркуе Ільля.
Ён кажа, што ведае 16 былых палітвязьняў, у якіх перастаў дзейнічаць пашпарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч паведаміў, што яму так і не вярнулі пашпарт і могуць забраць палову пэнсіі