Флёрыда адмяняецца? Што азначае допіс Трампа пра Беларусь

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Вашынгтон, 29 сакавіка 2026 году

Сьцісла

  • У допісе Трампа ідзецца толькі пра тэму вызваленьне палітвязьняў. Візыты Коўла ў Беларусь прыносяць Трампу гісторыю посьпеху. А пазытыўныя навіны для прэзыдэнта ЗША цяпер надзвычай патрэбныя.
  • Тамп запрасіў Лукашэнку паўдзельнічаць у паседжаньні Рады міру. Няма гаворкі пра нейкі адмысловы візыт у ЗША.
  • Палітыка Трампа па ўзмацненьню ролі ЗША у сьвеце разбурае наратыў пра канец «аднапалярнага сьвету». Фактычна гэта вымушаны прызнаць і афіцыйны Менск.
Допіс Дональда Трампа ў сацыяльнай сетцы Truth Social азначае падтрымку перамоўнага працэсу зь Беларусьсю на самым высокім узроўні. З свайго боку, афіцыйны Менск, каб дамагчыся прыхільнасьці ЗША, забыўся пра ўсе свае антыамэрыканскія наратывы.

Якія тэмы перамоўнага працэсу

Дональд Трамп чарговым разам згадаў пра Беларусь допісам у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social. То была рэакцыя на апошні візыт спэцпасланьніка па Беларусі Джона Коўла ў Менск і вызваленьне палітвязьняў.

Допіс Трампа зьявіўся праз дзесяць дзён пасьля згаданай падзеі. Што сьведчыць у пэўным сэнсе пра зьніжэньне цікавасьці да Беларусі. Бо цяпер уся ўвага амэрыканскай адміністрацыі прыцягнутая да вайны на Блізкім Усходзе. Не да Беларусі. І калі афіцыйны Менск хоча захоўваць увагу Вашынгтону да сябе, то варта рабіць дадатковыя высілкі.

Калі казаць пра зьмест допісу, то там ідзецца толькі пра адну тэму: вызваленьне палітвязьняў. Джон Коўл «дамогся вызваленьня яшчэ 250 палітычных зьняволеных!». У выніку агульная колькасьць вызваленых палітвязьняў з траўня мінулага года перавысіла 500 чалавек.

Візыты Коўла ў Беларусь прыносяць Трампу гісторыю посьпеху

Акцэнт на лічбы, выкарыстаньне слова «дамогся», знак клічніка ў сказе пра вызваленых палітвязьняў — усё гэта даволі сымптаматычна. Візыты Коўла ў Беларусь прыносяць Трампу гісторыю посьпеху. А пазытыўныя навіны для Трампа цяпер надзвычай патрэбныя. Бо вайна на Блізкім Усходзе прыносяць яму больш нэгатыву.

Іншыя тэмы перамоўнага працэсу зь Беларусьсю, якія апошнім часам публічна агучыў Джон Коўл (спыненьне рэпрэсій, цікавасьць ЗША да беларускага калію, беларуска-літоўскія адносіны) ня згадваюцца. Ці значыць гэта, што яны застаюцца на пэрыфэрыі ўвагі амэрыканскай адміністрацыі? Мы ня ведаем. Але пра іх не гавораць, бо яны не даюць імгненнага палітычнага эфэкту, і да іх проста яшчэ не дайшла чарга.

А яшчэ Дональд Трампм, паводле ўжо сталага рытуалу, назваў Аляксандра Лукашэнку «вельмі паважаным прэзыдэнтам», выказаў «шчырую падзяку» за вызваленьне палітвязьняў і заявіў, што «з нецярпеньнем» чакае сустрэчы з ім.

Пэрспэктывы візыту Лукашэнкі ў ЗША

І вось тут дыпляматычны палітэс заканчваецца, і пачынаецца суровая рэчаіснасьць. Падчас апошняга візыту Коўла ў Менск абмяркоўвалася сустрэча Лукашэнкі з Трампам. Паводле вэрсіі беларускага ўладара, якую ён выказаў падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных мэдыяў 20 сакавіка, гэтае рандэву нібыта плянавалася так: «Дональд прапануе вялікую зьдзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Флёрыдзе».

Гэтае запрашэньне — не эксклюзіўнае

Аднак у допісе Трампа ўсё выглядае інакш. Ня толькі не ідзецца пра запрашэньне Лукашэнкі дамоў да амэрыканскага прэзыдэнта ў Флёрыду. Але ня згадваецца і пра нейкі адмысловы, няхай сабе і рабочы ягоны візыт у ЗША. У паведамленьні Трампа гаворыцца, што ён чакае сустрэчы з Лукашэнкам «на наступным пасяджэньні Рады міру».

Выкажам здагадку, што апошняе можа стаць вялікім расчараваньнем для Лукашэнкі. Бо гэта не эксклюзіўнае запрашэньне — падобныя атрымаюць кіраўнікі ўсіх краін-чальцоў Рады міру. На саміт гэтай арганізацыі, які невядома калі адбудзецца, прыедуць каля двух дзясяткаў лідэраў іншых дзяржаў, якія таксама захочуць сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША. Таму Лукашэнка на паўнавартасную сустрэчу і перамовы з Трампам наўрад ці можа разьлічваць. А калі ж абмяркоўваць «вялікую зьдзелку», якая, паводле намёкаў Коўла, павінна прадугледжваць вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў і адмену 80% санкцый?

Беларускія дзяржаўныя мэдыя пакуль нават не ўзгадалі пра гэтую рэпліку прэзыдэнта ЗША. Бо там робіцца акцэнт на вызваленьне палітвязьняў. Прапаганда даводзіць, што Злучаныя Штаты наладжваюць адносіны зь Беларусьсю з прычыны павагі да Лукашэнкі як патрыярха сусьветнай палітыкі. А тут высьвятляецца, што галоўным чыньнікам беларуска-амэрыканскага дыялёгу зьяўляюцца палітвязьні. І такім запрашэньнем Лукашэнкі ў ЗША таксама ня вельмі радыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транзыт калію і палітычныя кантакты: як Вашынгтон і Вільня разышліся ў беларускім пытаньні. Аналіз Дракахруста

Рана хаваць «аднапалярны сьвет»

Але тут цікава іншае. Апошнімі гадамі асноўным лейтматывам выступаў Лукашэнкі, іншых афіцыйных асобаў Беларусі, прапагандыстаў у пытаньнях замежнай палітыкі быў наратыў пра канец аднапалярнага сьвету з дамінаваньнем краін Захаду, найперш, ЗША. Маўляў, цяпер цэнтар цяжару перамясьціўся на Глябальны Поўдзень, Усход, рэй вядуць Кітай, Расея. Выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці ў 2024 годзе, Лукашэнка казаў:

«Менавіта на ўсходзе цяпер фармуецца стваральная павестка — эканамічная, міжнародная, сьветапоглядная. Там і ў прамым, і ў пераносным сэнсе ўстае сонца… Наш зьнешнепалітычны вэктар — гэта не паварот і не разварот, як любяць разважаць экспэрты і некаторыя палітыкі. Гэта пасьлядоўны цывілізацыйны выбар».

Каб нармалізаваць адносіны з ЗША, Лукашэнка нават рызыкуе нарвацца на незадаволеньне Масквы

Прайшлі няшмат часу. Можна па-рознаму ацэньваць замежную палітку адміністрацыі Дональда Трампа. Але, што несумненна, яна паказала, няхай і брутальным чынам, хто ў сьвеце гаспадар. І высьветлілася, што «аднапалярны сьвет» пахавалі зарана. Цяпер мала хто аспрэчвае сусьветнае лідэрства ЗША. Ніхто ня хоча сварыцца з Трмпам, большасьць імкнуцца калі не сябраваць з ЗША, ды хоць бы не канфліктаваць зь імі.

Дык і Лукашэнка імкнецца ўпісацца ў гэты сусьветны мэйнстрым. Як толькі Трамп паманіў, афіцыйны Менск забыўся пра ўсе свае антыамэрыканскія наратывы. Беларусь адна зь першых уступіла ў Раду міру, Лукашэнка настойліва прапануе ЗША купіць калійнае радовішча, марыць пра сустрэчу з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.

Невядома, што з усяго гэтага атрымаецца. Але, каб нармалізаваць адносіны з ЗША, Лукашэнка нават рызыкуе нарвацца на незадаволенасьць Масквы. Чаго ня зробіш дзеля палітычнага выжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад заявы «вызваленьне аднаго — ужо перамога» да словаў «новыя арышты недапушчальныя». Што Трамп думае пра Беларусь