Праваабаронцы з праекту «Гомельская вясна» расказалі, што госьці адной з гарадзкіх рэстарацыяў сталі атрымліваць штрафы і арышты за ўдзел у абрадзе «Гуканьне вясны». Цяпер стала вядома, што пакараны за сьвяткаваньне быў і міліцыянт, які ў ім удзельнічаў.
Гэта маёр міліцыі, участковы інспэктар Гомельскага РАУС Віктар Шыпкоў. Раней ён атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію «За духоўнае адраджэньне» — за ўнёсак у захаваньне народных традыцый. А цяпер на яго завялі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП («парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).
Паведамляецца, што Шыпкоў шмат гадоў займаецца фальклёрам і краязнаўствам, удзельнічаў у мерапрыемствах, прысьвечаных беларускай традыцыйнай культуры. Акрамя таго, Віктар — шматдзетны бацька.
У аблвыканкаме назвалі правядзеньне абраду «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам» і падставай для прыцягненьня да адказнасьці.
Людзей затрымалі ў Гомлі на закрытай тэрыторыі рэстарацыі. Цяпер пачынаюцца суды над імі.