«Спытайцеся ў тых 500, каго мы вызвалілі»: як у сетцы Х адрэагавалі на словы Коўла пра Беларусь

Адмысловы пасланец ЗША Джон Коўл

Рэпліка спэцпасланца ЗША Джона Коўла пра вызваленьне палітвязьняў у Беларусі выклікала рэакцыю ў сацыяльнай сетцы Х — ад падзякі да жорсткай крытыкі.

Нагодай стаў яго адказ на пытаньне карыстальніцы зь нікам Nšo-či, ці варта «весьці бізнэс з дыктатарам»? Коўл параіў ёй задаць гэтае пытаньне 500 былым палітвязьням, якія выйшлі на волю дзякуючы перамовам ЗША з Лукашэнкам:

«Спытайцеся ў любога з тых 500 былых вязьняў, якіх мы вызвалілі, так, былых!».

Сярод тых, хто падтрымаў Коўла, былыя палітвязьні. Юрась Зянковіч напісаў, што сам зьяўляецца адным з вызваленых:

«Гэта трэба рабіць, і ўсіх трэба вызваліць. Але яшчэ важней — зьнішчыць саму сыстэму закладнікаў. Інакш гэта стане бясконцым працэсам».

Адзін з камэнтатараў, аднак, адзначыў, што многія былыя вязьні не падзяляюць аптымізму:

«Калі іх сапраўды спытаць, то ў іх няма адказу. Яны расчараваныя. За што яны страцілі гады свайго жыцця? Мы змагаліся, мы зрабілі свой выбар, мы заплацілі. А вы зьнішчылі вынік, бо аддалі шмат за мінімум. Гэта ня тое, як беларусы могуць атрымаць сваю свабоду».

Крытыкі лічаць, што дамоўленасьці з Лукашэнкам могуць замацоўваць практыку «гандлю людзьмі», калі ўлады выкарыстоўваюць палітвязьняў як інструмэнт перамоваў.

Разам з тым частка карыстальнікаў шчыра дзякуе амэрыканскаму боку. Некаторыя называюць дзеяньні ЗША «лепшым, што адбылося ў беларускай палітыцы за апошнія гады», іншыя дзякуюць асабіста Коўлу і Дональду Трампу за «выратаваныя жыцьці».

Частка рэакцыяў — варожая. Некаторыя карыстальнікі абвінавачваюць Коўла ў тым, што за «гуманітарнай рыторыкай» стаіць супрацоўніцтва з аўтарытарнымі рэжымамі:

«Сьвет не настолькі наіўны, каб не разумець сапраўдныя прычыны вашай „дружбы“ з дыктатарамі».

Асобна гучаць заклікі не абмяжоўвацца агульнымі лічбамі. Блогер Антон Матолька папрасіў дапамогі для канкрэтнага вязьня:

«Калі ласка, уратуйце Сьцяпана Латыпава...»

Сустракаюцца і даволі радыкальныя камэнтары — ад заклікаў да сілавога вырашэньня праблемы да іроніі:

«Калі б Лукашэнку прыбралі, усе былі б свабодныя, а ня толькі 500».

Іншыя адзначаюць, што перамовы ня спыняць «кола рэпрэсіяў», якое будзе паўтарацца.

Частка карыстальнікаў уздымае пытаньне пра цану такіх дамоўленасьцяў. У прыватнасьці, згадваецца зьмякчэньне санкцыяў і магчымыя наступствы — у тым ліку падтрымка беларускай вайсковай прамысловасьці, якая, паводле крытыкаў, зьвязаная з вайной Расеі супраць Украіны.

Джон Коўл сочыць за камэнтарамі ў сацсетцы Х і рэагуе на іх. Так, днямі, у адказ на допіс журналісткі, экс-палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай, якая папрасіла дапамагчы вызваліць яе мужа — журналіста Ігара Ільяша і іншых людзей, якія застаюцца за кратамі праз палітычныя матывы, ён адрэагаваў рэплікай: «Працуем для гэтай мэты».