89,2 тысячы эўра сабрана для вызваленых палітвязьняў на раніцу 27 сакавіка, вынікае з інфармацыі на сайце фонду салідарнасьці BySol. Заяўленая сума збору складае 250 тысяч эўра.
Пры адкрыцьці збору ўвечары 19 сакавіка BySol паведаміў пра намер выплаціць кожнаму вызваленаму па 1 тысячы эўра.
«Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасьля вызваленьня: знайсьці часовае жыльлё, купіць адзеньне і лекі, аднавіць дакумэнты. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 году, пасьля чаго мы пачнем выплаты», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.
У выніку сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Менску Аляксандар Лукашэнка выпусьціў 250 вязьняў, зь якіх 235 засталіся ў Беларусі, а 15 былі вывезеныя ў Літву (некаторыя пасьля адправіліся ў Польшчу).
Аб зьняцьці амэрыканскіх санкцыяў з ААТ «Белінвэстбанк», ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і Міністэрства фінансаў паведаміла ў выніку перамоваў прэс-служба Лукашэнкі. 26 сакавіка ЗША афіцыйна зьнялі гэтыя санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «5 гадоў як у коме». Вялікая размова з вызваленым «вясноўцам» Валянцінам Стэфановічам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некаторыя з вывезеных 19 сакавіка ў Літву беларускіх палітвязьняў заявілі, што хочуць легалізавацца ў Польшчы