Алесь Яўдаха і Вацлаў Багдановіч ужо знаходзяцца на волі, даведалася «Вясна».
За кратамі працягваюць трымаць Зьмітра Коласа і дачку Вацлава — Вікторыю Багдановіч.
3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі «кааліцыю друкарскіх выдавецтваў „Фонд Kamunikat.оrg“, „Lohvinau Publishing House“, „Andrei Yanushkevich Publishing“».
Адпаведнае рашэньне прыняў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі — паводле ведамства, сярод іншых, дачыненьне да «кааліцыі» мелі Яўдаха, Багдановіч і Колас.
«Справа кнігароў» стала адным з фактаў перасьледу дзеячоў нацыянальнай культуры. Такі перасьлед актывізаваўся ў лютым.
Як пісаў беларускі ПЭН, выдавецтва «Тэхналогія» закрылі, а яго абсталяваньне сканфіскавалі. Некалькі беларускіх выдавецтваў, якія зарэгістраваныя і легальна дзейнічаюць у Польшчы, КДБ Беларусі прызнаў так званымі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У сьпісе таксама пазначаныя імёны людзей, зьвязаных зь імі. Гэта грамадзянін Польшчы, беларус з Падляшша Яраслаў Іванюк, беларускія выдаўцы Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч, якія цяпер знаходзяцца за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады Беларусі змагаюцца зь беларускімі кнігамі