Мэдычныя ўнівэрсытэты ў Менску, Горадні, Віцебску і Гомлі правялі Дні адчыненых дзьвярэй для патэнцыйных студэнтаў. Там ім сказалі, колькі студэнтаў плянуюць набраць сёлета. Скрыншоты з гэтымі лічбамі разышліся ў сацыяльнай сетцы Threads, а пасьля і ў мэдыя. Платных месцаў амаль няма, толькі на завочным у адзінкавых выпадках.
Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце (БДМУ), як вынікае з гэтых кадраў, плянуюць набраць 1330 студэнтаў, 782 чалавекі — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: такія абітурыенты паступаюць з накіраваньнем мясцовых уладаў, а пасьля мусяць адпрацаваць 5 гадоў на разьмеркаваньні, а ня два. І толькі 30 студэнтаў плянуюць узяць на платнае — на завочнае аддзяленьне фармацэўтычнага факультэту. Сайт БДМУ пакуль не апублікаваў канчатковых лічбаў прыёму, таму яны могуць быць яшчэ ня ўзгодненыя. Пазьней гэтыя зьмены пацьвердзілі чыноўнікі.
Ілюстрацыйнае фота
Горадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт сёлета возьме 760 студэнтаў, зь іх 459 мэтавікаў, платных месцаў няма наагул. Гэтыя лічбы прыёму ўжо апублікаваныя на сайце ВНУ.
У Беларусі выпускнікі-бюджэтнікі мэдычных унівэрсытэтаў мусяць адпрацоўваць два гады па разьмеркаваньні, тыя, хто паступіў праз мэтавы набор — 5 гадоў. Таксама 5 гадоў адпрацаваць мусяць тыя, хто, апроч інтэрнатуры, скончыў яшчэ і ардынатуру. Таксама 5 гадоў абавязковай адпрацоўкі хацелі ўвесьці для ўсіх мэдыкаў — выпускнікоў бюджэтнага аддзяленьня, але пакуль гэтага не адбылося.
У Гомельскім мэдычным унівэрсытэце «пакуль неканчатковыя» лічбы прыёму назвалі выданьню Onliner. Плянуюць набраць 705 студэнтаў-першакурсьнікаў, зь іх 239 мэтавікаў. Платных месцаў няма. Гэтыя лічбы супадаюць са скрыншотамі з Дня адчыненых дзьвярэй, якія публікаваліся ў сацсетках.
Віцебскі мэдычны ўнівэрсытэт ужо апублікаваў лічбы прыёму на гэты год на сваім сайце. Плянуюць набраць 820 студэнтаў, зь іх 489 на мэтавую падрыхтоўку, платных месцаў толькі 25, усе яны на завочнай форме спэцыяльнасьці «фармацыя».
Як мяняліся лічбы прыёму
Улады Беларусі паступова скарачаюць платныя месцы для мэдыкаў з 2023 году. Гэта зьвязваюць зь недахопам лекараў у краіне. БДМУ пачаў паступова зьніжаць набор на платнае яшчэ з 2020 году. Дагэтуль набор на платнае рос:
- 2020 — 315
- 2021 — 310
- 2022 — 300
- 2023 — 200
- 2024 — 150
- 2025 — 95
- 2026 — 30 (пакуль не канчатковыя лічбы)
Адначасова расла колькасьць студэнтаў, якія паступаюць з мэтавым накіраваньнем (і з большым тэрмінам адпрацоўкі). Калі ў 2020 годзе іх было 47,5%, то ў 2025 — амаль 76%.
Падобная тэндэнцыя назіралася і ў рэгіянальных профільных мэдычных унівэрсытэтах.
У рэгіянальных ВНУ падрабязнай статыстыкі лічбаў прыёму па гадах не публікуюць. Аднак тэндэнцыя там падобная, напрыклад у Горадзенскім унівэрсытэце ў 2023 годзе набіралі 175 платнікаў, у 2024 — 145, у 2025 годзе — 60. То бок за 4 гады прыёму колькасьць платных месцаў скарацілася да нуля.
Ілюстрацыйнае фота
У Гомельскім мэдычным унівэрсытэце яшчэ летась набіралі 45 чалавек на платнае. Пры гэтым расьце колькасьць студэнтаў-іншаземцаў, якія вучацца ў беларускіх мэдычных ВНУ. За пяць гадоў іх стала больш на 2 тысячы. Летась колькасьць замежнікаў сярод студэнтаў-мэдыкаў беларускія чыноўнікі ацэньвалі ў 5 тысяч.
Замежныя студэнты плацяць больш за беларускіх. Напрыклад, адзін год навучаньня на лячэбным факультэце для беларуса каштуе 4740 рублёў, а для іншаземца — 4950 даляраў (14 602 рублі). Ці ўтрая даражэй.
Што кажуць чыноўнікі
Беларускія чыноўнікі пацьвердзілі, што набор на платнае навучаньне для будучых мэдыкаў вырашылі амаль цалкам скараціць.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў у этэры СТБ патлумачыў гэта «кадравай запатрабаванасьцю».
«Улічваецца пэрспэктыўная кадравая патрэба ў спэцыялістах кожнай спэцыяльнасьці. І надалей заснавальнікі (у гэтай сытуацыі. — Міністэрства аховы здароўя) зацьвярджаюць кантрольныя лічбы прыёму. Падрыхтоўка спэцыялістаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ня новая для нашых установаў вышэйшай адукацыі. Паводле такой жа схемы ў нас адбываецца падрыхтоўка кадраў для аграрнага комплексу, для пэдагагічных спэцыяльнасьцяў», — сказаў чыноўнік.
Улады ня раз казалі, што зьбіраюцца разьвязваць праблему дэфіцыту кадраў мэдыкаў за кошт выпускнікоў мэдычных ВНУ.
«Пасьля адпрацоўкі не захочаш зьяжджаць? Глупства!»
Анэстэзіёляг-рэаніматоляг, кандыдат навук, які доўгі час працаваў у Беларусі, на ўмовах ананімнасьці падзяліўся з Свабодай сваёй думкай: скасаваньне платных месцаў ня вырашыць праблему з кадрамі.
«Мэта скасаваньня платнага прыёму ў мэдычныя ВНУ простая — як надаўжэй замацаваць лекараў на месцах адпрацоўкі дзеля змаганьня з дэфіцытам кадраў. Іншыя меры, якія прымаюцца ў гэтым кірунку, — рост мэтавага набору ў профільныя ВНУ, спробы павышэньня заробкаў, фрагмэнтарныя паслабленьні для прыватных мэдычных цэнтраў ды іншыя меры, кшталту стварэньня цяжкасьцяў пры выдачы дакумэнтаў пра адукацыю, патрэбных для легалізацыі лекарскага дыплёму за мяжой. Няма прычынаў меркаваць, што гэта дасьць вынік, бо надта вялікі дэфіцыт спэцыялістаў, а таксама пастаянна расьце попыт на мэдычныя паслугі праз старэньне насельніцтва. Што павялічыцца, дык гэта колькасьць беларускіх студэнтаў на платным навучаньні ў мэдычных ВНУ суседніх краін, але наўрад ці вельмі істотна, бо ў Польшчы і Літве вучыцца адносна дорага (каля 13–15 тыс. эўра на год), а доўгатэрміновая пэрспэктыва дыплёмаў, атрыманых у Расеі, на рынку ЭЗ няпэўная з палітычных прычынаў», — кажа суразмоўца.
Такім чынам, паток абітурыентаў у беларускія ВНУ значна ня зьменшыцца, мяркуе лекар, бо штогод гэтую сацыяльна значную прафэсію абірае прыблізна аднолькавая колькасьць людзей.
Ілюстрацыйнае фота
Намесьнік прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Станіслаў Салавей заўважае, што і раней большасьць платнікаў ішлі ў дзяржаўныя ўстановы. Толькі не на пэрыфэрыі, а ў гарадах. І калі чалавеку не падабаецца месца працы, ён яго зьменіць рана ці позна.
«Частка лекараў сапраўды зьяжджае, але калі чалавек хоча зьехаць, то ягонае жаданьне ня зьменіцца ні праз два, ні празь пяць гадоў. Наадварот, калі цябе запіхваюць туды, куды ты зусім ня хочаш, — гэта можа даць больш матывацыі. Так, на пяць гадоў яны могуць зьнізіць дэфіцыт кадраў. Уявім, што тая сыстэма, якую яны хочуць увесьці, — з адпрацоўкай пяць гадоў — дзейнічала 10 гадоў. Эфэкт ад яе будзе толькі ў той год, калі першая хваля тых, хто адпрацоўвае два гады, накладаецца на тых, хто адпрацоўвае пяць. Гэта часовы эфэкт, які ня зьменіць нічога», — прыводзіць прыклад Станіслаў Салавей.
Закончыўшы адпрацоўку, людзі ўсё адно зьедуць, агульнай карціны гэта ня зьменіць, бо ўзровень замацаваньня на гэтых месцах на пэрыфэрыі — 20%, кажа Салавей.
Людзі будуць вывучаць мовы і ехаць вучыцца ў заходнія краіны або ў Смаленск, дадае суразмоўца.
«Апроч запалохваньня, у гэтым нічога няма. Глупства думаць, што пяць гадоў адгарцаваўшы на нейкім месцы, ты не захочаш зьяжджаць. Ну завёў сям’ю — і што. Сабраліся і выехалі разам, у іншы горад ці ў іншую краіну», — кажа лекар.
Цяпер у рэспубліканскім банку вакансіяў для лекараў ёсьць 4105 месцаў. У Беларусі дэфіцыт мэдыкаў назіраецца з 2022 году. Але тады патрэбы былі большымі — 5591 вакансія на ліпень 2022 году.